І павесіла Восень з лістоты рыжай абажур

Кручэнка Т. І павесіла Восень з лістоты рыжай абажур… / Тамара Кручэнка // Гомельская праўда.- 2014.- 23 кастрычніка.- С. 8.
“Славянскія літаратурныя дажынкі-2014” адбыліся на Гомельшчыне

Вынікі творчага ўраджаю падвялі пісьменнікі Гомельшчыны.

Такая завядзёнка ў абласным аддзяленні грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” існуе з 2007 года.

На сёлетнія “Славянскія літаратурныя дажынкі” запрасілі сяброў з Расіі і Украіны. Фестываль праходзіў пад знакам 200-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Лермантава і Тараса Шаўчэнкі, 90-годдзя Аркадзя Куляшова.

Прадстаўнічая дэлегацыя расійскіх пісьменнікаў з Бранска, Краснадара, Таганрога, Рыльска, Курска, Санкт-Пецярбурга на чале з сакратаром Саюза пісьменнікаў Расіі Васілём Дварцовым, госці з украінскіх гарадоў Глухава, Сумы і Луганска прывезлі ў Беларусь новыя кнігі (а многае рабілася сумесна), каб разам з сябрамі парадавацца ажыццяўленню творчых задум, абмеркаваць планы далейшага супрацоўніцтва.

Як паведаміў старшыня абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч, гомельскімі пісьменнікамі “ад дажынак да дажынак” выдадзена 30 кніг, праведзена звыш 1200 сустрэч з чытачамі ў самых розных аўдыторыях.

Да ўдзельнікаў і гасцей свята звярнуўся епіскап Жлобінскі і Гомельскі Стэфан: “Для нас, славян, большай надзеі, чым праваслаўе, не існуе. Гэта залог нашай дружбы, духоўнасці”. I агучыў вынікі другога абласнога літаратурнага конкурсу “Праваслаўе — мая надзея”, які заснаваны абласной пісьменніцкай арганізацыяй сумесна з Гомельскай епархіяй. У трох намінацыях конкурсу ўдзельнічала паэтэса Ніна Нікіфарава (Шклярава), яна заняла першае месца ў намінацыі “публіцыстыка”. Епархіяй выдадзена яе кніга пад назвай “Волюшка святая”. На ўрачыстасці былі названы і лаўрэаты іншых абласных конкурсаў — да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, імя Івана Сяркова, імя Кірылы Тураўскага.

Шчыра прывітала ўдзельнікаў фестывалю загадчык аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Інга Заўгародняя. Акцёры Паэтычнага тэатра ў “Ленінцы” прадставілі творы Федэрыка Гарсія Лоркі ў перакладзе Вольгі Раўчанкі, пераможцы рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшая кніга года” ў намінацыі “пераклад”. Цудоўны настрой прысутным падараваў вечар “Радзіме спяваю”. Гучалі песні, напісаныя гомельскімі музыкантамі на творы паэтаў-землякоў Юрыя Фатнева, Алены Агінай, Святаслава Крупенькі, Ніны Шкляравай, Алега Ананнева, Ганны Атрошчанкі.

...3 палескай вёсачкі Вятчын на Жыткаўшчыне пачаўся шлях празаіка і публіцыста, аўтара 14 кніг, старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча. На вечарыне ў Доме прафсаюзаў, прысвечанай 25-годдзю творчай дзейнасці нашага земляка, адчулі непарыўную повязь пісьменніка з малой радзімай, яе людзьмі. Сардэчна павіншавалі віноўніка ўрачыстасці епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, кіраўнік справамі аблвыканкама Алена Клічкоўская, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Леанід Барабанаў, госці з Расіі і Украіны. Самым дарагім падарункам быў прыезд землякоў з Жыткавічаў. Ансамбль народнай песні “Вечарніцы” зачараваў бадзёрай музыкай.

У трэці фестывальны дзень пісьменнікі наведалі Мазыр і яго ваколіцы. У СШ № 16 творцаў прывітаў намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама Уладзімір Быстрэнка. Потым былі выступленні пісьменнікаў — гасцей у педуніверсітэце імя Івана Шамякіна, а гамяльчане і мазыране сустрэліся з чытачамі ў музычным каледжы. Быццам дэсант на невядомую планету была для многіх экскурсія на нафтаперапрацоўчы завод. Шчыра ўдзячны галоўнаму тэхнолагу прадпрыемства Аляксандру Шорацу за аповед пра сваё прадпрыемства. Адкрыццём для расійскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў стаў і аграгарадок Рудня Міхалкаўская: упершыню яны ўбачылі на свае вочы такі дабрабыт у вёсцы. А выстава “Дыялог пяра і пэндзля” мастака Мікалая Дубровы і паэта Аляксандра Каляды ў Палацы культуры НПЗ падаравала шмат яркіх эмоцый ад пейзажаў Палесся, аздобленых вершамі.

“Славянскія літаратурныя дажынкі” далі штуршок новым творчым праектам, новым творам.

Тамара КРУЧЭНКА