А зоркі запальваюцца...

Прэжына Т. А зоркі запальваюцца... / Таццяна Прэжына // Добрушскі край.- 2012.- 1 верасня.- С. 11.

 

 

“Жнівеньскі зарапад” сабраў прыхільнікаў паэтычнага слова ў канцэртнай зале Дома культуры імя Куйбышава ў мінулую пятніцу

Свята вялі гомельскі паэт Іван Бісеў загадчыца цэнтральнай раённай бібліятэк Святлана Грынчык.

Права адкрыць паэтычную сустрэчу даручылі настаяцелю Свята-Мікалаеўскага сабора г. Добруша айцу Аляксію. Святар звярнуўся да прысутных з прамовай аб важнасці і неабходнасці сяброўства з кнігай. Ён выказаў упэўненасць у тым, што наша моладзь у большасці звяртаецца ў пэўныя моманты жыцця да крыніцы ведаў каб знайсці адказы на хвалюючыя пытанні. Айцец Аляксій блаславіў удзельнікаў су- стрэчы і ўручыў ікону Святога Мікалая начальніку аддзела культуры райвыкан- кама Рыгору Козыраву.

Перад удзельнікамі паэтычнага свя­та выступіў аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась Башлакоў. Свае паэтычныя творы прадставіла на суд слухачоў гомельская паэтэса Алена Агіна. На сустрэчу запрасілі пісьменніка Васіля Ткачова – лаўрэата расійскай прэміі Баяна.

– У горада над Іпуццю ёсць сваё асаблівае прыцягненне, – адзначыў Іван Бісеў. - Гэта сведчыць аб тым, што наш ы продкі ўмелі выбіраць месца для будоўлі. Побач – Расія, Украіна – брацкія славянскія краіны, з якімі звязана гісторыя нашага народа.

“Жнівеньскі зарапад” вітаў прадстаўнікоў дэлегацыі расійскіх паэтаў. Прысутныя пазнаёміліся з творчасцю злынкаўскага паэта Сяргея Сідарава (на здымку), які прадставіў увазе ўдзельнікаў мерапрыемства цыкл вершаў аб жыцці.

Яркім момантам паэтычнага свята стала выступленне нашага добрушскага паэта, аўтара зборніка вершаў “Падгледжана ў жыцця” Рыгора Козырава. Віртуозна і з далікатным густам ён змог прадэманстраваць свае творчыя здольнасці ў чатырохрадкоўях на розныя жыццёвыя сітуацыі. Цікава, што пры гэтым, Р. Козыраў не лічыць сябе таленавітым. Але, узяўшы ў рукі баян, ён выконвае пес­ню “Добрушскі вальс” пад гучныя апладысменты слухачоў.

Прысутных мерапрыемства пазнаёмілі з прадстаўнікамі Гомельскай школы маладога літаратара. Не абышлі ўвагай вядомых паэтаў Гомельшчыны і Добрушчыны, якія наведалі паэтычную сустрэчу. Ганна Атрошчанка, Ніна Шклярава, Юрый Фатнеў, Таццяна Свірыдзенка, Людміла Яськова, Пётр Хандожка, Мікалай Ждановіч іншыя таленавітыя аўтары дапамаглі прысутным акунуцца ў чароўны свет паэзіі, напоўніць сэрцы ўдзельнікаў свята мелодыяй слова.