Ад берагоў Дзясны да Сожа

Гаўрыловіч У. Ад берагоў Дзясны да Сожа // Гомельская праўда.- 2008.- 9 снеж..- С. 1

 

Міжнароднай літаратурнай прэміяй “Сад божественных пісень” імя Рыгора Скаварады за 2008 год адзначана сумесная кніга паэзіі “Ад берагоў Дзясны да Сожа” беларускіх пісьменніц Тамары Кручэнка (журналісткі “Гомельскай праўды”) і Ліліі Бандарэвіч – Чарненка (г. Прылукі, Чарнігаўская вобласць). Кніга выдадзена ў Чарнігаве і ўжо адзначана як адзін з лепшых міжнародных праектаў Беларусі, удастоена сёлета абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага.

І вось другая ўзнагарода. Нядаўна ў Прылуках адбылася творчая вечарына, прысвечаная гэтай літаратурнай падзеі. Было цудоўнае свята славянскай роднасці, братэрства нашых літаратур. Шчыра віталі Лілію Бандарэвіч – Чарненка і Тамару Кручэнка саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь на Украіне Уладзімір Аўтух, намеснік кіраўніка адміністрацыі г. Прылукі па гуманітарных пытаннях Лілія Нікітчанка, творчая інтэлігенцыя.

Уручаючы дыпломы лаўрэаткам, прэзідент Чарнігаўскага інтэлектуальнага цэнтра, пісьменнік Сяргей Дзюба падкрэсліў, што прэмія Рыгора Скаварады – адна з самых пачэсных на Украіне. Яе заснавальнік, старшыня журы Васіль Слапчук – інвалід-афганец, пісьменнік, лаўрэат Нацыянальнай прэміі імя Тараса Шаўчэнкі і шматлікіх іншых – нядаўна вылучаны на прысваенне ганаровага звання “Герой Украіны”.

Адным з самых яскравых момантаў літаратурнай вечарыны былі дыялогі дзвюх паэтак. Гучалі цудоўныя вершы на беларускай мове, і перакладчык быў не патрэбен прылучанам. Як зазначыў Уладзімір Аўтух, “паэтэсы і журналісткі працуюць і як паслы на яднанне, умацаванне братэрства беларускага і украінскага народаў”.