Адзінству славянскіх народаў - быць!

Бяльковіч М. Адзінству славянскіх народаў - быць! // Маяк.- 2002.- 2 ліпеня.- C. 1

 

 

Ранішнюю цішыню ў мінулую нядзелю ў наваколлі на стыку трох абласцей - Гомельскай, Бранскай Чарнігаўскай - абудзілі гукі фанфар. Яны абвясцілі аб адкрыцці штогадовага традыцыйнага міжнароднага фестывалю "Славянскае адзінства".

Гэтаму святу ўжо трыццаць гадоў. Тая моладзь, што прымала ўдзел у святкаванні ля манумента дружбы тры дзесяцігоддзі таму - ужо сталыя людзі, паважаныя і аўтарытэтныя кіраўнікі калектываў, вядомыя дзеячы навукі, адукацыі, культуры. А на змену ім штогод у дзень моладзі збіраюцца ля манумента новыя пасланцы трох брацкіх славянскіх народаў. Сёлетняй "гаспадыняй" свята была Расія. I стараліся арганізатары маладзежнага форуму на славу. Зялёную лужайку вакол манумента яны пераўтварылі ў грандыёзную пляцоўку, дзе разгарнуліся гандлёвыя сувязі, на якіх сталы "ламіліся" ад смачных страў і розных напояў. Тут жа ладзілі свае выступленні самадзейныя і прафесійныя мастацкія калектывы, дэманстравалі майстэрства народныя ўмельцы - ганчары, разьбяры па дрэву, кавалі і бондары.

Прыбылі на свята і высокія госці - старшыня Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Генадзь Мікалаевіч Селязнёў, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Аляксандравіч Папоў, кіраўнікі Бранскай, Чарнігаўскай і Гомельскай абласцей. Свае дэлегацыі на фестываль накіравалі маладзёжныя і ветэранскія арганізацыі трох брацкіх рэспублік. Распавядаць пра свята прыехалі шматлікія прадстаўнікі сродкаў ма-савай інфармацыі.

А паглядзець тут было на што. Вельмі яркай, запамінальнай выглядала цырымонія ўрачыстага адкрыцця фестывалю. Да шматлікіх гасцей звярнуліся Г. Селязнёў, В. Папоў, прадстаўнікі маладзёжных рухаў і аб'яднанняў Расіі, Украіны, Беларусі. Прагучалі дзяржаўныя гімны трох брацкіх рэспублік, у блакіт чэрвеньскага неба ўзляцелі гірлянды рознакаляровых шароў.

Адпачыць і павесяліцца на свяце магчымасцей было удосталь. Цікава было назіраць за спаборніцтвамі валейбалістаў, футбалістаў, выступленнямі гіравікоў і коннікаў. Навокал чуліся гукі музыкі, спевы, заліваліся гармонікі і грукаталі бубны. Вялікую цікавасць гледачоў і слухачоў выклікала выступленне папулярнага маскоўскага гурта "Белы арол".

Але не толькі ад душы весяліліся ўдзельнікі фестывалю, але і рабілі справы сур'ёзныя. Кіраўнікі трох абласцей, чые землі зыходзяцца тут, ля манумента Дружбы, падпісалі дагавор аб эканамічным супрацоўніцтве. Гэты дакумент накіраваны на яшчэ больш актыўны прамысловы, гандлёвы, культурны ўдзел абласцей у справе далейшага збліжэння нашых трох славянскіх народаў. Ужо недзе пад вечар завяршылася свята, і яго ўдзельнікі пакінулі прыгожы, утульны кавалачак зямлі, адзіны для расіяніна, украінца, беларуса. Але кожны адвозіў дадому ў сваім сэрцы незабыўныя хвіліны яднання братэрскай непарыўнай дружбы.

М. Бяльковіч