Чачэрскі раён падпісаў пагадненні з Краснай Гарой Расіі і Смалявічамі

Пранкевич В. Чачэрскі раён падпісаў пагадненні з Краснай Гарой Расіі і Смалявічамі / Валянціна Пранкевіч // Чачэрскі веснік.- 2019.- 22 сакавіка.- С. 2

 

З горадам-пабрацімам Красная Гара Бранскай вобласці Расіі сяброўскія зносіны наш раён наладжвае даўно.

Яшчэ ў лютым 2005 года з краснагорцамі была падпісана першая дамова аб культурным і эканамічным супрацоўніцтве. Дэлегацыі ўвесь гэты час абменьваюцца вопытам работы, творчымі здольнасцямі і працоўнымі дасягненнямі, выступаюць з канцэртамі. Паміж бібліятэкамі праходзяць круглыя сталы, навучальна-пазнавальныя семінары, у тым ліку ў рэжыме анлайн. Адміністрацыі гарадоў вырашылі ўмацаваць добрасуседскія сувязі і на мінулым тыдні заключылі доўгатэрміновыя пагадненні. 3 аднаго боку подпіс пад дакументам паставіў старшыня Чачэрскага райвыканкама Юрый Дзеркачоў, а з другога – глава Краснагорскага муніцыпальнага ўтварэння Сяргей Сцепанідзенка. Сяргей Іванавіч адзначыў, што на чачэрскай зямлі не ўпершыню. Сюды прыязджаў яшчэ ў якасці настаўніка фізічнай культуры, і кожны раз Чачэршчына сустракае яго ўсё новымі і новымі пераўтварэннямі.

3 трапяткім хваляваннем выйшаў на сцэну ўраджэнец вёскі Падыгрушка Залескага сельсавета старшыня Смалявіцкага райвыканкама Міхаіл Загорцаў. Ён палічыў сімвалічным у Год малой радзімы пераадолець 350 кіламетраў і наведацца на бацькоўскую зямлю, дзе не быў каля 15 гадоў, каб абняць землякоў і заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве. Як сказаў Міхаіл Гаўрылавіч, у Смалявіч шмат добрых сяброў у Балгарыі, Літве, Кітаі, Украіне, Польшчы, Расіі і іншых краінах замежжа. Наладжаны цесныя сувязі і з беларускімі гарадамі. А зараз у гэтым вялікім спісе будзе і Чачэрск. «Цяпер я змагу прыязджаць сюды часцей, і не толькі па запрашэнні» – усміхнуўся госць свята і выказаў падзяку Чачэрскаму райвыканкаму за каштоўны падарунак пабываць дома, у краі, дзе нарадзіўся, вырас, адкуль выйшаў у людзі. I ў знак павагі прывёз творчыя калектывы, якія прадставілі цудоўную канцэртную праграму да 25-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.