Галасы на скрыжаваннях

Тулупава, І. Галасы на скрыжаваннях / Ірына Тулупава // Літаратура і мастацтва.- 2012.- 20 красавіка.- С. 21.

 

 

Дарэннем кніг бібліятэкам Бранска, Курска і Чарнігава распачаўся “круглы стол” у Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У. I. Леніна. У стосах з 25 выданняў — выключна беларускамоўная літаратура.

Цяжкі толькі пачатак

Сярод перададзеных у кніжніцы Расіі і Украіны выданняў — Якуб Колас “На ростанях”, У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім", I. Чыгрынаў “Выбранае”, I. Навуменка “Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва”, I. Пташнікаў “Пагоня”, Р. Баравікова “Казкі з гербарыя”. Яны цяпер будуць знаходзіцца ў куточках беларускай літаратуры і дапамогуць суайчыннікам на роднай мове прачытаць класікаў і сучасных творцаў. Мяркуецца, што падобны абмен літаратурай паспрыяе абнаўленню фондаў бібліятэк і ўмацуе сяброўскія стасункі.

На міждзяржаўную сустрэчу ў Гомель прыехалі прадстаўнікі Украіны, Расіі і Беларусі: з тым каб абмеркаваць значэнне кнігі не толькі ў кантэксце гісторыі сусветнай культуры, але і ў наш час інфармацыйных тэхналогій. Дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Валянціна Дуброва зазначыла:

– Галоўная мэта нашай сустрэчы — прыцягнуць увагу да мастацкага слова. На самай справе ўстойлівая тэндэнцыя падзення цікавасці да чытання ёсць. I ў аб’яўлены Год кнігі варта парупіцца, каб змяніць сітуацыю да лепшага. Сапраўды, існуюць новыя інфармацыйныя тэхналогіі, але, думаю, мы ўсё ж знойдзем разумны баланс паміж электронным і друкаваным варыянтамі кніг. Мы хацелі пачуць пра цікавы вопыт нашых калег з Расіі, дзе праблемы падобныя да нашых, але да рашэння іх расіяне падышлі крышку раней і да гэтага часу назапасілі пэўны вопыт. Бясспрэчна, ён нам карысны. Вельмі важна, каб на шляху прасоўвання кнігі бібліятэкі не засталіся ў адзіноце. Магчыма, цяпер праца будзе больш сістэмнай, і ўстановы адукацыі ды іншыя грамадскія структуры аб’яднаюць свае намаганні.

Усім светам

На “круглым стале” прысутнічалі навукоўцы, выкладчыкі, бібліятэкары. Такім чынам, праблема разглядалася комплексна. А ў фае разгарнулася выстаўка “Лепшыя кнігі ўсіх часоў”.

Гутарку распачаў дэпутат Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Валерый Сяліцкі, які нагадаў думку Дзмітрыя Ліхачова: “Бібліятэкары – апошнія святыя на зямлі”. I ў час, калі змяншаюцца тыражы кніг, калі найбольш адчуваецца ўплыў новых тэхналогій і чалавек ‘бяжыць” па жыцці, яны яшчэ могуць зацікавіць вартымі творамі і знайсці чытачоў. На карысць друкаванай кнігі, упэўнены В. Сяліцкі, працуе тое, што да яе мы прывыклі з дзяцінства. Акрамя іншага, яна мае сваю эстэтыку. Электронная ж кніга, якую вельмі хутка адшукаць, досыць папулярная ў маладзёжным асяроддзі. На думку депутата, у новых умовах бібліятэкі павінны стаць адмысловымі Дамамі ведаў. Прыклады такія мы назіраем, калі ў кніжніцах ствараюцца музеі, электронныя базы даных, працуюць кансультатыўныя і прававыя цэнтры, залы-галерэі ды інш.

Між тым усё, звязанае са словам, мае сакральны характар, падкрэсліў прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Іван Штэйнер. Ва ўсе часы у беларусаў была моцная вера ў слова. I варта паклапаціцца, каб яна мацавалася.

Каранацыя слова

Бясспрэчна, досвед суседзяў па прапагандзе кнігі і чытання вельмі карысны. Пра яго распавялі госці “круглага стала”. Прыкладам, існуе Усеўкраінскі конкурс “Каранацыя слова” — сумесны з тэлеканалам праект кампаніі “Крафт Фудз Украіна”. Гэта конкурс раманаў, кінасцэнарыяў, п’ес і песеннай лірыкі — з мэтаю падтрымкі сучаснай украінскай культуры, пошуку новых імёнаў, выдання раманаў у прыгожым афармленні, ілюстраваных кніг, стымулявання і развіцця сучаснага літаратурнага працэсу, кіно і тэатра, а ў выніку – напаўнення ўкраінскага рынку канкурэнтаздольнай літаратурай. Паводле бібліятэкара Чарнігаўскай абласной бібліятэкі Наталлі Карбоўскай, пра конкурс ведаюць чытачы і творцы, і гэта спрыяе цікавасці да чытання. За час яго існавання выдадзена больш як 100 раманаў, да ўдзелу ў конкурсе далучаюцца прафесійныя пісьменнікі.

Яшчэ пра адну чатырохгадовую праграму распавяла намеснік дырэктара ЦБС па працы з дзецьмі Гараднянскай бібліятэкі (Чарнігаўскай вобласці) Любоў Раманчук. Яны практыкуюць тэлемасты — са спецыялістамі іншых краін, з удзелам Украінскай бібліятэчнай асацыяцыі. Традыцыйна акцёры, спевакі, выдаўцы, пісьменнікі прыходзяць на сустрэчы з чытачамі, чытаюць уголас любімыя творы, распавядаюць пра ролю кнігі ў іх жыцці.

Калегі з Бранска і Курска падзяліліся ідэямі конкурсу “Бібліятэчная кроха” і праграмы “Бібліятэчная няня”, у якія, у прыватнасці, уваходзяць “кніжнае меню” і “літаратурныя абеды”, выстаўкі “Любімыя кнігі маёй сям’і”. 3 2008 года ў Бранску пачалі на міжведамасным узроўні каардынаваць дзеянні ў імкненні аб’яднаць інтэлектуальны патэнцыял рэгіёна. Пра гэта распавяла загадчык аддзела Бранскай абласной навуковай універсальнай бібліятэкі імя Ф. Цютчава Вольга Канстанцінава.

На заканчэнне “круглага стала” слова ўзяў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. Ён распавёў пра стасункі з творцамі памежных тэрыторый, пра нядаўна заснаваны на Гомельскай зямлі Міжнародны саюз пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў. На ўзроўні губернатара цяпер абмяркоўваецца ідэя, блізкая да рэалізацыі, — стварэнне на базе Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. I. Леніна Музея літаратуры.