Грай, гармонік

Калина Л. Грай, гармонік / Л. Каліна // Гомельская праўда.- 2000.- 24 чэрвеня.- С. 5.

 

Любоў Аляксандраўна Галубінская ідзе па жыцці з гармонікам, Гэтае хобі і прынесла ёй шырокую вядомасць не толькі на Чачэр-шчыне, але і далёка за межамі раёна. Народны фальклорны калектыў "Меркулавіцкія вячоркі", якім яна кіруе, без перабольшання - жамчужына народнай творчасці. Дзякуючы менавіта апантанасці кіраўніка, калектыў узняў вялікі пласт беларускай культуры, які даносіцца да сённяшняга пакалення ў яе першасным харастве.

Як дырэктар сярэдняй Меркулавіцкай школы, Любоў Аляксандраўна і сваіх выхаванцаў далучае да народнай творчасці, прывівае да яго любоў. І такім чынам не парываецца сувязь часоў.

Напэўна, больш за ўсё на свеце любіць Любоў Аляксандраўна граць на гармоніку. Здаецца, душа яе вырываецца далёка ў неабсяжны прастор. Лёгка дакранаецца пальцамі да цудадзейных кнопак, і мелодыі, знаёмыя з дзяцінства, гучаць у яе выкананні абноўленымі, нібыта памаладзеўшымі, ігрыстыя, як маладое віно, зухаватыя, як і самі адмысловыя танцоры, яны нікога не пакідаюць абыякавымі.

Л.А. Галубінская таксама з'яўляецца ўдзельніцай народнага ансамбля народнай музыкі "Чачэрскі гармонік", лаўрэатам рэспубліканскага фестывалю народнай музыкі "Грай, гармонік", міжнароднага фестывалю мастацтваў "Дружба" ў г. Бранску, дыпламатам міжнароднага фестывалю фальклору на Беларусі, пераможцам шэрагу творчых абласных конкурсаў народных музыкаў.

Любоў Аляксандраўна ўваходзіла ў групу музычнага суправаджэння ўсіх чатырох фестываляў "Беларуская полька" , что праводзіліся ў г. Чачэрску Гомельскай вобласці. На апошнім з іх, які толькі што закончыўся, прадстаўнічае журы адзначыла самабытнасць таленту Любові Аляксандраўны, яе бязмежную ўлюбёнасць у народную творчасць.

Л. Калина