Гран-пры без конкурсу

Бычкова Л. Гран-пры без конкурсу // Культура.- 2008.- 21-27 чэрв.- С.9

 

VI Міжнародны фестываль маладзёжных аматарскіх тэатраў "Славянскае скрыжаванне" адбыўся 5 — 8 чэрвеня ў горадзе Навазыбкаве Бранскай вобласці. Заснавальнікамі і арганізатарамі сталі ўпраўленне культуры і Камітэт па маладзёжнай палітыцы, фізічнай культуры і спорту Бранскай вобласці, аддзел культуры, спорту і маладзёжнай палітыкі адміністрацыі горада Навазыбкава. Сярод задач фестывалю — пашырэнне творчых і геаграфічных межаў творчага ўзаемаабмену народаў Расіі, Украіны і Беларусі, а таксама развіццё маладзёжнай тэатральнай творчасці.

Павел Туравец — удзельнік тэатра "Равеснік" —лаўрэат у намінацыі "За лепшую мужчынскую ролю".

Арганізатары "Славянскага скрыжавання" імкнуліся паказаць разнастайнасць накірункаў і стыляў, якія існуюць у сучасным аматарскім тэатральным мастацтве. Фестываль стаў з'явай не толькі ў мастацкім, але і ў грамадскім жыцці Навазыбкава. Гэтым разам у ім удзельнічалі 10 аматарскіх тэатраў трох рэспублік...

Якія адметныя рысы ўласцівы "Славянскаму скрыжаванню"? Па-першае, адсутнасць конкурсу. Па-другое — асобнае месца адведзена ў праграме ганароваму госцю— Маскоўскаму маладзёжнаму тэатру Вячаслава Спясіўцава. (Дарэчы, Вячаслаў Сямёнавіч— народны артыст Расіі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар — штогод выступае старшынёй міжнароднага журы.) Аднак на фестывалі прысуджаюць Гран-пры і спектаклі вылучаюцца па намінацыях.

На сёлетнім "Славянскім скрыжаванні" Беларусь прадстаўлялі ўзорны тэатр юнага гледача "Равеснік" Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі і народны тэатр Жлобінскага гарадскога дома культуры. Прыемна адзначыць, што нашы аматарскія тэатры атрымалі станоўчую ацэнку гледачоў і членаў журы. Жлобінцы былі ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата ў намінацыі "За вялікі ўклад у справу маральнага выхавання падрас-таючага пакалення", а ўдзельнік тэатра "Равеснік" Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Павел Туравец атрымаў дыплом лаўрэата ў намінацыі "За лепшую мужчын-скую ролю".

Аматарскіх тэатраў сёння шмат. Яны прапануюць розныя творы, жанры, накірункі... Менавіта там выхоўваецца наша тэатральная моладзь і фарміруецца эліта, якая стварае і будзе ствараць ауру тэатральнай культуры краіны.