Гульні ўсходніх славян

Команава Т. Гульні ўсходніх славян / Таццяна Команава // Культура.- 2005.- 4-10 чэрвеня(№ 23).- С. 8-9.

 

Вось ужо ўтрынаццаты раз на Браншчыне з 20 па 27 мая прайшлі-прашумелі "Славянскія тэатральныя сустрэчы" - міжнародны фестываль, які, не зважаючы ані на сацыяльна-палітычныя варункі, ані на межы і мытні, шторазу дэшнструе ўзор шчырага міжкультурнага сяброўства паміж сёстрамі-славянкамі Беларуссю, Расіяй і Украінай. Арганізатары фестывалю паклапаціліся, каб "чортаватузіннасць" фестывалю аніякім чынам не адбілася на яго якасці і творчым узроўні калекгываў-удзельнікаў.

Сёлетні фестываль атрымаў прысвячэнне 60-годдзю Вялікай Перамогі. I натуральна, што ў фестывальнай афішы былі прадстаўлены спектаклі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Тульскі абласны ТЮГ прывёз "Легенду пра маладагвардзейцаў". У свой час менавіта гэты тэатр стаў першым на ўсёй прасторы СССР, дзе гісторыя маладых падпольшчыкаў Краснадона знайшла сваё сцэнічнае ўвасабленне. Сёлета ж гэтая гісторыя ўсхвалявала маладых акцёраў - выпускнікоў Тульскага абласного каледжа культуры і мастацтваў, якія і абралі яе ў якасці свайго дыпломнага спектакля. Гэтаксама дыпломны спектакль акцёраў-навучэнцаў Бранскага каледжа мастацтваў і культуры прадставілі і гаспадары фестывалю Бранскі аблдрамтэатр: у якасці сцэнічнага матэрыялу яны абралі" А заўтра была вайна..." Б. Васільева.

Тэатры гэтыя не пайшлі па шляху стварэння пастаноўкі-рэквіема на тых, хто не вярнуўся з вайны. I хаця ў абодвух выпадках на сцэне з'яўляліся фігуры "апавядальнікаў": у тулякоў - захавальніка легенды (С.Ісмангулаў), у бранчан - дырэктара школы (І. Камышаў), іх роля ў спектаклі не "перакрывала" галоўную гісторыю, і для гледачоў яны сталіся той "верагоднасцю", якая магла быць рэальнасцю, калі б не вайна...

Малады задор юнакоў і дзяўчат, школьнікаў-выпускнікоў, для якіх наперадзе адкрываюцца неабсяжныя прасторы і перспектывы, іх маладое каханне, першыя выпрабаванні на вернасць, сяброўства, здрады... Усё гэта сыграна з такой жыццярадаснасцю і прагай, што вайна, якая на сцэне існуе не ў выглядзе выбухаў і кулямётных стрэлаў, становіцца, аднак, не менш жудаснай: "нябачная", яна забірае гэтых маладых людзей у нас, - а у іх будучыню... Ну, так, жыццё, канешне ж, не спыніцца, будуць яшчэ вёсны, будзе мір, а разам з ім новыя юнакі і дзяўчаты збяруцца разам, каб памарыць пра ўласнае заўтра. Новыя, але не гэтыя.

Пастаянны ўдзельнік фестывалю Чарнігаўскі абласны акадэмічны ўкраінскі музычна-драматычны тэатр імя Т. Шаўчэнкі прывёз пастаноўку "Жаніцеся, і ну вас да д'ябла!" паводле вадэвіляў класіка рускай драматургіі А.Чэхава, у той час як Маскоўскі драматычны тэатр на Пяроўскай прадставіў гледачам "маларасійскую оперу" "Сватанне на Ганчароўцы" паводле класіка ўкраінскага тэатра Г. Квіткі-Аснаўяненкі.

Абодва спектаклі сталіся цікавымі нетолькі з прычыны арыгінальнай "міжкультурнай" адаптацыі: падобны падыход даў магчымасць выявіць і выгадна, хаця і з пэўнай доляй іроніі, прадставіць насамрэч цікавыя здабыткі расійскай і ўкраінскай класікі. Майстар падтэкстаў Чэхаў прадстаў у выкананні чарнігаўцаў у камедыйна фарсавым ключы: аўтарскую заўвагу пра тое, што ён "пісаў камедыі", украінцы ўвасобілі дакладна, і перад гледачамі прадсталі дзве самастойныя гісторыі - "Мядзведзь і "Прапанова" - як своеасаблівыя "варыяцыі" на класічную тэму стасункаў паміж мужчынам і жанчынай. У выкананні ж масквічамі "Сватання на Ганчароўцы" мы ўбачылі "наш адказ" наплыву галівудскіх мюзіклаў: яны, побач з багатай традыцыяй музычна-драматычнага тэатра, мусілі б выглядаць бедна і сціпла.

Традыцыйна на фестывалі гледачам прадстаўляюцца і спектаклі, звышзадачаю якіх з'яўляецца не столькі прапаганда, колькі шчыры напамін пра існасць славянскай еднасці, пра тыя вечныя духоўныя каштоўнасці, якія і вызначаюць знакамітую "загадкавую славянскую душу". Сёлета акцёр Віктар Нікіцін прэзентаваў фестывальнай публіцы свой монаспектакль "Цютчаў". Аповед у вершах і ў прозе", - пастаноўку, створаную да 200-гадовага юбілею паэта, ураджэнца Браншчыны. Спектакль гэты выйшаў за межы звыклага тэатральнага дзейства: ён паяднаў Цютчава-паэта і малавядомага ў шырокіх колах Цютчава-мысліцеля і стаўся своеасаблівым аўтарскім "зваротам праз гады".

А Маскоўскі абласны дзяржаўны драматычны тэатр імя А.Астроўскага прывёз у Бранск "Сказанне пра Сергія Раданежскага". Густанаселены спектакль, пастаўлены ў этнастылістыцы, са сцэнічным узнаўленнем рытуалаў стараславянскага сямейна-абрадавага цыкла, аповед пра слаўнага праведніка не імкнуўся толькі распавесці яго біяграфію. Асноўная тэма, якою пранізаны спектакль, - наколькі магугны чалавечы дух, калі ва ўчынках сваіх ён кіруецца шчыраю вераю і сэрцам хварэе не за ўласны дабрабыт і выгоды, а за шчасце бліжніх сваіх. Тры вызначальныя жыццёвыя этапы Раданежскага праходзяць перад намі: Хлапчук аддае ўласную душу і помыслы на волю Бога, юнак-Сергій не паддаецца спакусам і не саступае з абранага шляху, старцам жа становіцца не прарокам і цаліцелем, а душою народнай.

Вынікі XIII Міжнароднага фестывалю "Славянскія тэатральныя сустрэчы"

Лепшы спектакль - "А заўтра была вайна..."

Лепшая мужчынская роля - Мікалай Мальцаў (Стэцько, "Сватанне на Гапчароўцы") Лепшая жаночая роля - Людміла Корхава (Тамара, "Пяць вечароў") Лепшая роля другога плана - Пётр Дзехцярэнка (Лука, "Жаніцеся, і ну вас да д'ябла!") Лепшая сцэнаграфія - Аляксандр Малыгін, "А заўтра была вайна..."

Спецпрыз журы "За арыгінальнае прачытанне творчай спадчыны Цютчава" - Віктар Нікіцін "Цютчаў. Апавяданне ў вершах і ў прозе"

Спецпрыз журы "Надзея" - Цзяніс Ражкоў (Сяргей Цюленін, "Легенда пра маладагвардзейцаў") Сяргей Козін (Арцём Шэфер, "А заўтра была вайна...") Улляна Шаройка (Зіна Каваленка, "А заўтра была вайна...")

Беларускі "след"

Канешне ж, нельга не сказаць і пра беларускі "складнік" фестывалю. Менавіта Гомельскі аблдрамтэатр, поруч з Бранскім і Чарнігаўскім тэатрамі, стаўся ў свой час адным з ініцыятараў і суарганізатараў "Славянскіх тэатральных сустрэч". I сёлета, як заўсёды, сучаснае беларускае тэатральнае мастацтва было прадстаўлена годным узроўнем пастановак. Пры гэтым, беларускі "след'' не абмежаваўся адно гамяльчанамі.

Класічная гісторыя пра "лішні білецік", якую многія сёння ўспрымаюць бы гісторыю з мінулага, паўтарылася напярэдадні паказу мінскага антрэпрызнага спектакля "Тры высокія жанчыны" Э.Олбі - далёка не ўсе з тых, хто імкнуўся патрапіць на гэты спектакль, змаглі гэта зрабіць. А тыя ж каму пашчасціла спрычыніліся да ігры бліскучых нашых сталічных актрыс, Галіны Талкачовай, Алены Сідаравай і Таццяны Ражаўскай. Тры жанчыны, тры ўзросты, тры "стылі" мыслення. Людзі не проста з рознымі - з дыяметральна супрацьлеглымі жыццёвымі пазіцыямі за пару гадзін сцэнічнага жыцця становяцца не проста бліжэй адзін аднаму, яны становяцца людзьмі.

У рэжысуры Сяргея Кулікоўскага акрамя "Трох высокіх жанчын" фестывальная публіка змагла ўбачыць і "Маленькага прынца" паводле А. дэ Сэнт Экзюперы, пастаўленага на сцэне Бранскага абласнога ТЮГа. Перад намі адзін за адным прайшлі вядомыя вобразы, трапятліва выпісаныя аўтарам. I на іх фоне - кранальная, амаль прытчавая гісторыя пра дружбу і самаахвярнасць, пра якасці, якія і сёння, у наш цынічна-прагматычны час не страцілі ані свайго значэння, ані сваёй каштоўнасці.

Бясспрэчным "цвіком" сёлетняй фестывальнай праграмы сталіся "Пяць вечароў" у пастаноўцы Рыда Таліпава Гомельскага абласнога драматычнага тэатра - адна з найноўшых прэм'ер гэтага сезона. Беларускія акцёры Людміла Корхава (Тамара), Віталь Беднашэя (Ільін). Ніна Задорына (Зоя) добра вядомыя бранскаму гледачу, у розныя гады яны адзначаліся і ўзнагародамі журы, і пачэснымі для любога акцёра прызамі глядацкіх сімпатый. Знакамітая валодзінская гісторыя ў выкананні гамяльчан здолела застацца актуальнай, нягледзячы на дакладнае абазначэнне ЭПОХІ, 60-ыя гады мінулага стагоддзя спектакль набыў глыбокую філасофскую пазачасавасць і стаўся своеасаблівай "матэрыялізацыяй" асноўнай фестывальнай ідэі: няма такога матэрыяльнага дабрабыту, які здолеў бы зрабіць чалавека шчаслівым, калі душа яго, яго чалавечыя памкненні, радасці і горыч, любоў да бліжняга і каханне да "свайго адзінага'' не знойдуць сваёй "прапіскі" ў чалавечым сэрцы і дзякуючы гэтай звышзадачы "Славянскія тэатральныя сустрэчы" не проста трымаюцца на плыву, а імкліва рушаць наперад.

Таццяна Команава