Фальклорна-этнаграфічная спадчына малых гарадоў Бранска-Гомельскага памежжа ў сучасных запісах

Новак В.С. Фальклорна-этнаграфічная спадчына малых гарадоў Бранска-Гомельскага памежжа ў сучасных запісах / В.С. Новак // Традыцыі духоўнай культуры Усходняга Палесся : праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час: зборнік навуковых артыкулаў. Вып. 2.- Гомель, 2009.- № 1\ 8124 окр.- С. 51 - 53.

 

 

Падчас збору фактычных матэрыялаў на тэрыторыі малых гарадоў (гг. Ветка, Добруш) Бранска-Гомельскага памежжа ўлічваліся такія аспекты вывучэння сучаснага гарадскога фальклору, як сацыякультурная поліцэнтрычнасць, функцыянальная маргінальнасць, арыентацыя на літаратурныя і культурныя ўзоры і іх фалькларызацыя. Асаблівая ўвага была сканцэнтравана на рудыментальным бытаванні традыцыйнага вясковага фальклору ў сучасным горадзе. У г. Ветка падчас правядзення індывідуальных экспедыцый былі запісаны звесткі па розных відах традыцыйнай культуры, у прыватнасці па зімоваму цыклу земляробчага календара. Даволі распаўсюджаны ў песенным рэпертуары жыхароў г. Ветка калядныя песні, адрасаваныя гаспадару, гаспадыні, дачцэ і сыну, вядомы шматлікія песенныя варыянты пад назвай "Каза", шчадроўкі і інш. Структуру калядна-навагодняга комплексу складаюць такія кампаненты, як абыходныя шэсці калядоўшчыкаў, пераапрананне ў розныя зааморфныя маскі, варожбы, прыкметы і павер'і, рытуальныя дыялогі заклікання марозу і ўраджайнасці, падрыхтоўка абрадавай трапезы – куцці і інш.

Жыхары г. Веткі, як і жыхары розных вёсак Веткаўскага раёна, вадзілі казу на Новыгод і на Ражаство хадзілі з зоркай: "На Новы год былі шчодры. Дзеці хадзілі па хатах шчадраваць і вадзілі казу, на якую вешалі званкі. Стукаліся ў дзверы і гаварылі: "Добры вечар, пусціце казу". Калі гаспадары пускаюць, то праводзяць казу ў хату. Казатанцуе, а шчадроўшчыкі пяюць:

Го-го, каза,
Го-го, серая,
Шла каза лужком,
Берагом-беразінаю,
Дзе каза рогамі,
Там жыта стогамі,
Дзе каза хвастом,
Там жыта ляском.

Гаспадары давалі зярно, асобенна бліны. Вечарам ідуць дзеўкі і пяюць песні ў гонар гаспадароў. На Ражаство звязду насілі, Богу маліліся" (Запісана ў г. Ветка Дзюндзікавай Праскоўі Еўдакімаўны, 1920 г.н.). У славян вядомы звароты да мароза з запрашэннем на сумесную трапезу на Ражаство або з прапановай частавання (а нярэдка і з пагрозай не прыходзіць летам, у час выспявання ўраджаю. "На Палессі запрашалі Maроз на ражэственскую вячэру на куццю: Хадзі, Марозька, куцця смачная, з канапелькамі!” (Л.Н. Виноградова, С.М. Толстая). Пасевы аўса засцерагала ад марозаў рытуаль кармленне аўсяным кісялём Мароза на Вялікдзень з прыгаворам: "Мароз, мароз, не бі наш авёс" [1, с. 312]. Паводле звестак інфармантаў, рытуал заклікання марозу выконвалі веткаўчане на другую куццю. Рэшткі куцці, якім надавалася аграрна-магічнае значэнне аддавалі свойскай жывёле, каб "здаровая была".

Быў вядомы ў г. Ветка і масленічны звычай "прывязваць ступу" да нагі нежанатага хлопца, а таксама жыхары прыгадвалі і такія абрады на Масленіцу, як аб'езд "маладых коней", ушанаванне тых дзяўчат, якія на Каляды ўступілі ў шлюб: "На Масленіцу нежанатаму ступу прывязвалі да нагі; і ён адкупліваўся салам або хлебам. Маладых коней аб'язджалі. Пелі пад хатай той дзяўчыны, якая ў Каляды выйшла замуж" (Запісана г. Ветка ад Дзюндзікавай Праскоўі Еўдакімаўны, 1920 г.н.).

Горад Ветка, як і вёскі Веткаўскага раёна, – арэал бытавання абраду ваджэння стралы. Асноўныя рытуальныя дзеянні гэтай абрадавай цырымоніі, зыходзячы з запісаных фрагментаў ад жыхароў г. Ветка Марыі Піменаўны Рэзвяковай, 1937 г.н., Галі Піменаўны Лімантавай, 1930 г.н., Марыі Назараўны Ермаковай, 1925 г.н., Праскоўі Еўдакімаўны Дзюндзікавай, 1920 гн., Наталлі Трафімаўны Гапеевай, 1928 г.н., звязан падрыхтоўкай лялькі – сімвала вясны і яе пахаваннем. Невыпадкова абрад "ваджэнне стралы" атрымаў назву "пахаванне вясны". Закопванне лялькі ў жыце сімвалізавала выкліканне дажджу: "Ляльку закапвалі ў жыце, а потым адкапвалі. Гэта дзелалі для дажджу. Ляльку хавалі і пелі песню. А калі закапвалі, то галасілі, як па мярцвяку” (запісана ў г. Ветка ад Ермаковай Марыі Назараўны, 1925 г.н.).

Семантыка асобных абрадавых дзеянняў іншы раз была звязана з аграрнай магіяй "Да жыта вадзілі стралу. Там ставяць стол, выносяць хлеб-соль, вядуць карагод. Бяруць зямлю і кідаюць уверх, каб лён радзіў" (Запісана ў г. Ветка ад Праскоўі Еўдакімаў Дзюндзікавай, 1920 г.н.).

Устойліва захоўваюць і жыхары г. Добруш традыцыйны каляндарна-абрадавы фальклор. Хоць сёння амаль і не ходзяць калядоўшчыкі, але ва ўспамінах жыхароў засталіся сціплыя звесткі пра Каляды ("Помню, што было ў нас тры куцці. На першую маці абычна рабіла ячную кашу з алеем або мёдам. У этот дзень нельзя сварыцца, пралі, хавалі кудзелю, грабяні, верацёны. Маці прыносіла сена і засцілала ім падлгі, клала сена на стол. Абыходзілі з песнямі хаты, у якіх праслаўлялі гаспадароў і іх дзяцей, жадалі дабрабыту" – запісана ў г. Добруш ад Еўдакіі Ананьеўны Краўчанка, 1930 г.н.).

Паводле ўспамінаў жыхаркі г. Добруш Веры Кірылаўны Чэпікавай, 1930 г.н. калядаванне называлі "хадзіць у цыгане", спявалі песню "Пад гарою цыгане стаял”, вадзілі казу ("два чалавекі, пакрытыя кажухом, а яшчэ адзін чалавек вядзе казу"). Быў вядомы і абрад засявання ("наутра пасля каляд засявалі"), варажылі не толькі на суджанага, але і з мэтай забеспячэння ўраджайнасці, пладавітасці свойскіх жывёл ("Перад Храшчэннем маць пасылала да суседніх хат у 12 часоў ночы, казала: "Ідзіце трасіце вароты і крычыце: "Вашы вароты трасуцца, нашы куры нясуцца").

Е.А. Краўчанка пацвердзіла, што ў Добрушы на Масленіцу быў вядомы звычай калодкі вешаць хлопцам за тое, што яны не паспелі да Масленіцы ажаніцца". Добравешчанне (Благавешчанне) як свята звязвалі мясцовыя жыхары з забаронамі не чапаць зямлю: "Нельзя зямлю трогаць. Плот забаранялася гарадзіць, сеў не пачыналі, не выганялі першы раз кароў, не вывозілі гной у поле".

Паводле ўспамінаў жыхаркі г. Добруш Марыі Васільеўны Баяранка, 1926 г.н., на Купалле "ўвечары дзяўчаты збіралі кветкі для вянкоў, вадзілі карагоды ля вогнішча, затым купаліся на зары і пускалі вянкі на ваду, наглядаючы за іх рухам. Помню, што над агнём падымалі запаленае кола. Вакруг кастра вадзілі карагоды, спявалі песні".

Сярод траецкіх звычаяў былі вядомы "май паліць" ("Май трэба спаліць, а тады глядзець на зямле: еслі жучок пайдзе, эта, мол, ведзьма") і абрад кумлення ("узрослыя куміліся" – запісана ў г. Добруш ад Веры Кірылаўны Чэпікавай, 1930 г.н.).

У памяці жыхароў г. Добруш захоўваюцца шматлікія міфалагічныя ўяўленні, звязаныяз персанажамі ніжэйшай міфалогіі, напрыклад, з ведзьмай. Паводле сведчанняў ВерыКірылаўны Чэпікавай, 1930 г.н., "ведзьма можа ператварацца. Яна паўзе, еслі май палілі, маленькім жучком. Яна – чалавек, ператваралася ў жучка і бяжыць за гэтым кастром, на якім май паляць". Паводле ўспамінаў Веры Кірылаўны Чэпікавай, ведзьма магла пашкодзіць свойскай жывёле, "адбірала малако ў кароў": "Яна (ведзьма) нарве пустацвет агурочніка і быстра перасыпае дарогу" пустацветам, штоб каровы прыйшлі з пустымі вымямі". 3 мэтай засцярогі ад ведзьмы выкарыстоўвалі галінкі пасвечанай вярбы: “Калі карову першы раз выганялі, дык вярбу бралі. Вярбу свяцілі. Было такое, што малако ў кароў прападала. Усягда перад Юр'ем крапіву тыркалі на вароты, сарай, штоб малако ў каровы не прападала".

3 мэтай засцярогі ад граду выконвалі наступныя дзеянні: "мамка выносіла, хлеб када ж спяклі, дзеравянную лапату на дзверы, аблівала пасвечанай вадой і прыгаворвала: “Госпадзі, атвярні", і лапату этую пакладзе, тады, лічылі, град не пасячэ ў цябе тое, што ў агародзе ё" (запісана ад Веры Кірылаўны Чэпікавай, 1930 г.н.).

Арганічную частку традыцыйнай духоўнай культуры г. Добруш складаюць прыкметы і павер'і: "Штоб не зглазілі, шпылькі зашпыляюць на левы бок", "не трэба адзяваць адзежу наізнанку, эта хто-та паб'е", "з пустым вядром жанчына перайшла – гэта рудасца, куды ты ідзеш", "калі вяртаешся дадому, штосьці забыў – няўдача будзе" (запісана ад Веры Кірьшаўны Чэпікавай, 1930 г.н.).

Вяселле ў г. Ветка святкуецца сёння па сучасных сцэнарыях, аднак іншы раз выкарыстоўваюцца і элементы традыцыйнай вясельнай абраднасці. У структурных адносінах у вясельнай абраднасці можна вылучыць такія абрадавыя кампаненты, як святкаванне, запоіны, зборная субота (ёлка), уласна вяселле, банкеты.

Аналіз сабранага матэрыялу яскрава засведчыў тэндэнцыю разбурэння казачнай традыцыі, аднак пры гэтым, заўважана, назіраецца ўсплёск цікавасці да міфалагічных аповедаў, былічак, сюжэты якіх звязаны ў пераважнай большасці з персанажамі ніжэйшай міфалогіі. Засведчаны таксама шматлікія факты актыўнага бытавання аднаго з найбольш прадуктыўных жанраў сучаснага празаічнага фальклору – анекдота. Значнае месца ў песенным рэпертуары жыхароў г. Ветка займаюць песні літаратурнага і фальклорнага паходжання, рамансы і рамансы-балады. Працягваецца і сёння працэс асіміляцыі рускіх песень літаратурнага паходжання. Побач з нацыянальнымі фалькларызаванымі творамі » Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, сучасных беларускіх паэтаў, рускія песні літаратурнага паходжання ўзбагачаюць народны светапогляд ідэйна і эстэтычна. Дзякуючы такім якасцям, як аператыўнасць, лаканічнасць, вастрыня сюжэтаў, застаюцца ўсё яшчэ запатрабаванымі прыпеўкі, набываючы сёння, у асноўным, парадыйна-камічнае гучанне.

I. Славянский и балканский фольклор. Семантика и прагматика текста. [Вып. 10] –М.: Издательство "Индрик", 2006. –560 с.