У памежжы трох славянскіх рэспублік

Васілеўскі М. У памежжы трох славянскіх рэспублік / Мікола Васілеўскі // Добрушскі край.- 2012.- 27 чэрвеня.- С. 1, 4.

 

 

Сёння адкрыўся Міжнародны маладзёжны палатачны лагер “Дружба-2012”.

У адпаведнасці з пагадненнем аб пагранічным супрацоўніцтве моладзі Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей, аддзел па справах моладзі аблвыканкама сумесна з абласной арганізацыяй ГА “БРСМ” з 27 па 30 чэрвеня 2012 года на мяжы Беларусі, Расіі і Украіны, каля манумента Дружбы праводзяць традыцыйны Міжнародны маладзёжны лагер, прымеркаваны да Года кнігі, - “Дружба-2012”. Аб гэтым паведамілі ў абласным камітэце ГА “БРСМ”.

Міжнародны маладзёжны палатачны лагер праходзіць штогод у памежжы трох славянскіх рэспублік. Правядзенне мерапрыемства накіравана на развіццё сяброўскіх сувязей паміж моладдзю славянскіх рэспублік, фарміраванне здаровага ладу жыцця, лідарскіх якасцей і арганізатарскіх здольнасцей моладзі, папуля- рызацыю нацыянапьных культур і ўдасканаленне форм работы маладзёжных аб’яднанняў.

Прымаючым бокам сёлета выступае Беларусь. Арганізатары, улічваючы высокую ступень адказнасці і вялікую ўвагу моладзі да фору­му, вырашылі здзівіць удзельнікаў насычанай і крэатыўнай праграмай. Улічваючы аб’яўлены 2012 год Годам кнігі, з’явіўся яшчэ адзін сімвал лагера – Летапіс маладзёжнага лагера “Дружба”, запаўненне старонак якога будзе весціся ўсімі ўдзельнікамі. У рамках тэатралізаванага шэсця ўрачыстага адкрыцця Францыск Скарына і іншыя нацыянальныя, гістарычныя і літаратурныя героі трох краін перададуць Летапіс для ўрачыстага падпісання.

Упершыню ў рамках лагера адбудзецца фестываль цыркавога мастацтва Беларусі, Расіі і Украіны “Усе любяць цырк”. На сцэну выйдуць лепшыя калектывы гэтых краін. Беларусь прадставіць цыркавая студыя “Арэна", пераможцы і лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, удзельнікі праграмы “Мінута славы”.

Здзіўляць гасцей-удзельнікаў і папаўняць зоркавы небасхіл арганізатары вырашылі на працягу ўсяго лагера. 3 паказальнымі выступленнямі перад выпрабаваннямі сілавога экстрыма “Славянскія забавы” выступіць чэмпіён свету па бодзібілдынгу Сяргей Матусевіч. А выбіраць самую прыгожую дзяўчыну конкурсу “Славянская прыгажуня” будзе віцэ-міс Беларусі Вікторыя Шавель.

Упершыню маладыя сем’і з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны змогуць праявіць сваё майстэрства па вядзенні гаспадаркі, запраганні каня, колцы дроў у міжнародным сельскагаспадарчым конкурсе “Уладар вёскі”.

Выканаўчае мастацтва патрыятычнай песні конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў”, якое адбудзецца ў рамках праграмы лагера, дазволіць славянскай моладзі яшчэ раз выказаць словы глыбокай удзячнасці ветэранам, людзям, якія цаной свайго жыцця падарылі нам свабоду.

У лагеры будзе працаваць свой горад майстроў. Моладзь зможа праявіць сябе ў інтэлектуальным конкурсе, дэбатах па арганізацыі працаўладкавання і інш.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць аддзел па справах моладзі аблвыканкама і абласны камітэт ГА “БРСМ”.