Лаўрэат прэміі Баяна

Галавачова I. Лаўрэат прэміі Баяна / І. Галавачова // Маяк (Новозыбковский р-н).- 2005.- 22 чэрвеня.- С. 4.

 

Сёлета ўжо ў 20-ы раз старажытны гарадок Трубчэўск, што на Браншчыне, прымаў удзельнікаў і гасцей свята славянскай пісьменнасці і народнай творчасці "На зямлі Баяна". Сярод іх была і дэлегацыя з Гомельшчыны, якую ўзначальваў начальнік аддзела культуры Добрушскага райвыканкама Рыгор Козыраў. У яе склад уваходзілі мастакі слова і песенна-танцавальнай творчасці: паэты Ніна Шклярава, Генадзь Говар, Мікалай Літвінаў, фальклорны ансамбль з Добруша "Свята" і інш.

Гэтая паездка стала адметнай для аднаго прадстаўніка Гомельшчыны: Генадзь Говар, член двух творчых саюзаў Беларусі - мастакоў і пісьменнікаў, стаў лаўрэатам прэміі Баяна. Але гэта не адна прыемная навіна. Пры спонсарскай падтрымцы ўраджэнца Трубчэўскага раёна Івана Мядзведзя, да наступнага свята плануецца распачаць серыю паэтычных зборнікаў "Бібліятэка лаўрэатаў прэміі Баяна". I першымі, сярод сямі запланаваных, будуць выдадзены зборнікі твораў трох паэтаў Гомельшчыны: Таісы Мельчанка, Міхася Башлакова і Генадзя Говара. Апошні, дарэчы, будзе займацца мастацкім афармленнем кніг.

Вынікам свята стаў яшчэ адзін творчы праект: Ніна Шклярава перакладае вершы рускіх і ўкраінскіх паэтаў на беларускую мову. У сваю чаргу, член Саюза пісьменнікаў Расіі Уладзімір Салоўскі таксама ўзяўся за пераклад: зараз творы паэтаў Гомельшчыны загучаць і на рускай мове.

Агульны настрой, які панаваў у гэтыя дні, ахарактарызаваў глава адміністрацыі Трубчэўскага раёна Мікалай Рамадзін: "Свята Баяна - святая справа. Душы прасвятленне!" і павіншаваў лаўрэатаў з прызнаннем іх творчых здабыткаў і поспехаў.

І. Галавачова