Літаратары збіраюцца ў Гомелі

Гаўрыловіч У. Літаратары збіраюцца ў Гомелі: [гутарка з кіраўніком Гомельскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзімірам Мікалаевічам Гаўрыловічам / гутарыў Дзяніс Іваноў] // Зара над Сожам.- 2012.- 31 кастрычніка.- С. 2, 5.

 

 

Літаратурны фэст “Гомельская літаратурная восень-2012”, які штогод арганізоўваецца Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, 2-3 лістапада збірае творцаў і аматараў мастацкага слова ў горадзе над Сожам. Якія падзеі чакаюць гамяльчан і гасцей Гомеля сёлета, мы пацікавіліся ў кіраўніка абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзіміра ГАЎРЫЛОВІЧА.

- Уладзімір Мікалаевіч, як узнікла ідэя правядзення такога форуму на гомель- скай зямлі, дзеля чаго праводзіцца?

- Такія літаратурныя святы-сустрэчы праводзяцца па ініцыятыве пісьменнікаў Гомельшчыны з моманту стварэння аблас­нога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першапачатковыя “Гомельскія літаратурныя дажынкі”, якія задумваліся як творчая справаздача пісьменнікаў вобласці перад чытачом аб напісаным і здзейсненым за пэўны перыяд часу, на працягу некалькіх гадоў перараслі ў шырокафарматны фэст з новай назвай “Гомельская літаратурная восень”, які прадугледжвае не адно, а шэраг літаратурных падзей. Пры чым, што немалаважна, фэст набывае міжнароднае гучанне, бо на працягу некалькіх апошніх год прыехаць у Гомель выказваюць жаданне літаратары памежных рэгіёнаў Расіі іУкраіны. I цяпер такую творчую справаздачу на гомельскай зямлі разам з намі правядуць майстры слова некалькіх творчых арганізацый Расіі і Украіны. Да нас сёння збіраюцца маскоўкі паэт, перакладчык і кры­тык Барыс Лукін, бранскія паэты Уладзімір Сарочкін і Віктар Валодзін, старшыня міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў з Украіны Анатоль Міроненка, паэт з Чарнігава Міхась Ткач... Гэта ўзбагачае чытача, дапамагае развіццю творчых кантактаў паміж пісьменнікамі-славянамі. Такі фармат творчых сустрэч прымушае шукаць новыя формы супрацоўніцтва, наладжваць узаемаабмены дэлегацыямі пры правядзенні мерапрыемстваў, звязаных з імёнамі класікаў беларускай, расійскай і ўкраінскай літаратур, абменьвацца новымі выданнямі, у тым ліку і перыядычнымі, каб разумець глыбінныя працэсы развіцця літаратурнага працэсу ў братніх краінах, праводзіць майстар-класы для пачынаючых літаратараў. Iцяпер усё гэта рэальнасць. Больш таго: мы набылі сапраўдных сяброў, узаемна цікавімся не толькі творчым працэсам, але і паўсядзённым жыццём адзін аднаго, стараемся падтрымаць у цяжкую хвіліну, парадавацца за поспех. Гэта – яднае, дадае жадання пашыраць межы кантактаў і формы творчых сустрэч. Перакананы, што дзякуючы гэтай ініцыятыве і творчым справаздачам пісьменнікаў, можна сказаць, што і літаратары, і чытачы толькі духоўна пабагацелі.

- Чым будзе адметнай “Гомельская літаратурная восень-2012”?

- Так, адметнайадназначна, бо гэтага вымагае Год кнігі і юбілеі класікаў белару­скай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Кола­са. Ранкам 2 лістапада ў Белай гасцінай палацава-паркавага ансамбля адбудзецца ўрачыстасць, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння беларускіх песняроў. Возьмуць у ёй удзел прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і ўладаў, літаратары і вучоныя, творчая моладзь. У межах свята адбудзецца цырымонія ўшанавання лаўрэатаў абласных літаратурных конкурсаў імя Кірылы Тураўскага і прысвечанага 130-годдзю Я.Купалы і Я.Коласа.Удзельнікі падзеі будуць мець магчымасць пазнаёміцца з рэдкімі выданнямі Якуба Коласа на спе- цыяльнай кніжнай выставе, паслухаць цудоўныя мелодыі, створаныя па матывах твораў класіка.

Па абедзе ў абласной спецыялізаванай бібліятэцы імя У. I. Леніна пройдзе галоўная падзея фэста. Пісьменнікі Гомельшчыны, Масквы, Браншчыны, Куршчыны, Сумшчыны і Чарнігаўшчыны пазнаёмяць чытачоў са сваімі творчымі набыткамі, распавядуць пра новыя творы і дзейнасць пісьменніцкіх арганізацый. На свяце прагучаць аўтарскія песні на словы гомельскіх паэтаў. Новыя творы і кнігі прадставяць чытачу як вядомыя аўтары (Васіль Ткачоў, Барыс Кавалерчык, Міхась Сліва, Валянціна Кадзетава, Алена Агіна, Юрый Максіменка, Генадзь Говар, Юрый Фатнеў, Эма Усціновіч і інш.), так і маладыя паэты Анастасія Кацюргіна, Іна Спасібіна, Надзея Філон, Фёдар Бусел. Трэба сказаць, што сёлета выйшла з дру­ку сапраўды шмат цікавых кніг, нямала гомельскіх аўтараў надрукавалі новыя рэчы як у айчынных, так і замежных мастацкіх часопісах, таму прэм'ер чакаецца сапраўды шмат. Безумоўна, цікава будзе даведацца аб навінках літаратуры калег з суседніх краін. Не абыйдзецца і без падарункаў: прэзентуемыя выданні будуць тут жа з аўтарскімі аўтографамі падораны бібліятэцы. Гэта так­сама добрая традыцыя. Удзельнікі мерапрыемства, дарэчы, змогуць на спецыяльнай выставе пазнаёміцца з новымі выданнямі, што выйшлі нядаўна з друку як у Беларусі, Гомелі, так і ў памежных рэгіёнах Беларусі і Украіны.

А напрыканцы дня ў гарадской бібліятэцы імя Герцэна адбудзецца яшчэ адна цікавая прэзентацыя: маладыя парасткі Гомельшчы­ны запрашаюць усіх жадаючых даведацца пра вынікі сваёй творчай дзейнасці, якія яны набылі дзякуючы працы ў Школе маладога літаратара (кіраўнік паэтэса Ніна Шклярава). Ацэньваць працу творчай моладзі будуць сталыя калегі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, Украіны.

Фестываль працягнецца і на наступны дзень: у рэдакцыі газеты “Гомельскія ведамасці” пройдзе сустрэча з кіраўніцтвам горада Гомеля і круглы стол, на якім літаратары Беларусі, Украіны і Расіі павядуць размову аб стане мастацкай літаратуры і развіцці творчых кантактаў, наладжванні сумесных праектаў, аб перспектывах пра­вядзення сумесных літаратурных акцый на 2013 год. Для гасцей Гомеля будзе наладжана шэраг экскурсій па гісторыка- культурных мясцінах другога па велічыні горада Беларусі, якім мы ўсе ганарымся.

- Як бачна, літаратурны фэст сапраўды будзе цікавым, насычаным на падзеі. I, зразумела, запамінальным для тых, хто прыняў удзел у абласных літаратурных конкурсах. Раскажыце, калі ласка, наколькі часта ладзяцца такія творчыя спаборніцтвы, хто забяспечвае падрыхтоўчы і выніковы працэс, і каму пашчасціла сёлета “узлезці” на Парнас?

- Сапраўды шмат ініцыятыў і праектаў ажыццявіла за апошнія некалькі гадоў Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Нямала з іх былі скіраваны на працу з творчай моладдзю, пачынаючымі аўтарамі, на прапаганду чытання. У Год кнігі абласным аддзяленнем з 1 сакавіка па 1 жніўня праводзіліся два творчыя кон­курсыпяты абласны конкурс імя Кірылы Тураўскага на лепшае апавяданне, і другі абласны паэтычны конкурс, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У аргкамітэт конкурсу імя Кірылы Тураўскага пададзена звыш двух дзесяткаў апавяданняў, у ім удзельнічалі людзі розных прафесій, заняткаў, з розных месцаў і населеных пунктаў Гомельшчыны. Зразумела, і прадстаўленыя імі творы розныя па якаснаму ўзроўню, мастацкаму асэнсаванню, глыбіні раскрыцця вобразаў галоўных герояў, падзей. Разам з тым, парадавала цяга да творчасці, імкненне да асэнсавання сённяшняй рэчаіснасці, павага да роднай мовы і культуры. Журы вызначыла лепшыя празаічныя творы. Першае месца прысуджана культработніку, дырэктару Руднямарымонаўскага СДК Тамары Курленка (апавяданне “Туман над поплавам”). А другое месца падзялілі паміж сабой двое мужчын. Журы высока ацаніла апавяданне супрацоўніка Гомельскай абласной бібліятэкі імя У. I. Леніна Юрыя Рачынскага (апавядан­не “Дзень даўжынёю ў жыццё”) і жыхара пасёлка Каранёўка Гомельскага раёна, пенсіянера Яўгена Грыгарэнкі (апавяданне “Цяжкая дарога"). А вось трэцяе месца “дасталося” жанчынам. Сакавіты народны гумар, арыгінальнасць задумы прысутнічае ў апавяданні “Срэбны Двор” Наталлі Трызна з Гомеля і апавяданні “Індывідуальнасць” Галіны Рагавой (жыве ў пасёлку Каранёўка Гомельскага раёна). У адпаведнасці з рашэннем журы яшчэ тры пачынаючыя аўтары будуць адзначаны заахвочвальнымі ўзнагародамі. Гэта: вучаніца 6 “А” класа гімназіі г. Нароўлі Ганна Кавальчук (апа­вяданне “ён шмат бачыў”), гамяльчанін Раман Разанаў (апавяданне “Кашмар мала­дога літаратара”), студэнт універсітэта імя Ф.Скарыны Сяргей Прывалаў (апавяданне “Усё бывае ўпершыню").

Другі абласны паэтычны конкурс, прысве­чаны 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, як і пяць гадоў таму, прайшоў пры даволі вялікай актыўнасці аўтараў. Журы пад кіраўніцтвам вядомага гомельскага паэта Міхася Болсуна давялося пазнаёміцца, прааналізаваць і даць заслужаную ацэнку амаль чатыром дзесяткам паэтычных спроб, дасланых на конкурс. Тэматычная накіраванасць вершаўпрысвячэнні Янку Купале і Якубу Коласу, Беларусі, роднай мове, непаўторнай прыгажосці беларускай прыроды. Разам з тым, адзначалася, што ў некаторых аўтараў не хапае філалагічнай культуры, а таму зарыфмаваныя тэксты складана назваць вершамі. Журы, зрабіўшы глыбокі аналіз прапанаваных аўтарамі твораў, вырашыла лаўрэата першай ступені не вызначаць. Найбольшай выразнасцю, вобразнасцю вызначаюцца вершы Зінаіды Фісюк з вёскі Кароткавічы Жлобінскага раё­на (верш “Родная мова” і Алены Мінчук з Калінкавічаў (верш “Зоркі”). Ім прысуджана другое месца і званне лаўрэатаў конкурсу.

Трэцяе месца прысуджана вучаніцы СШ №53 г. Гомеля Ганне Плахатнюк (верш “Мой бэзавы горад").

- Уладзімір Мікалаевіч, вядома, што гомельскія творцы за апошнія гады стварылі нямала цікавых празаічных, па­этычных і драматургічных твораў, прыс- вечаных роднаму краю і сваім землякам. Акрамя творчай і, па-сутнасці, асноўнай дзейнасці, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі актыўна сустракаюцца з чытачамі, выступаюць у вучнёўскіх класах і студэнцкіх аудыторыях, у працоўных калектывах, імкнучыся прапагандаваць чытанне, прыкладаючы намаганні, каб беларуская кніга, нягледзячы на эканамічныя складанасці, не губляла сваіх пазіцый у век новых тэхналогій. А што найбольш цікавага адбылося ў жыцці саміх пісьменнікаў у Год кнігі?

-Хачу заўважыць, што на працягу апошніх некалькіх гадоў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў ажыццявіла шэраг выдавецкіх праектаў, накіраваных як на прапаганду творчасці пісьменнікаў, так іна рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры. Выйшла з друку 98 новых кніг, выдаецца ўласны літаратурны альманах, заснавана спецыяльная серыя "Бібліятэка ГА "СПБ”. Прыемна і тое, што 23 пісьменнікі сталі лаўрэатамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і прэмій. Шмат зроблена дзеля прапаганды кнігі і чытан­ня сёлета, у Год кнігі. Сярод яркіх падзей літаратурнага жыцця Гомельшчыны: фе­стываль літаратуры іпрэсы на рагачоўскай зямлі, на зямлі Андрэя Макаёнка, абласны конкурс чытальнікаў, які сабраў прыхільнікаў мастацкага слова са ўсёй вобласці, урачыстыя і памятныя мерапрыемствы з нагоды юбілеяў Янкі Купалы іЯкуба Коласа, 100- годдзя Максіма Танка, правядзенне традыцыйных і новых літаратурньіх конкурсаў у гонар класікаў беларускай літаратуры, прэзентацыі кніг, калектыўных зборнікаў...

Што атрымліваецца, а што выклікае цяжкасці ў дзейнасці творцаў, цалкам пісьменніцкай арганізацыі Гомельшчы­ны, як рэалізуюцца творчыя праектыпра гэта ішла зацікаўленая размова на сакавіцкай сустрэчы актыва аддзялення са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Уладзімірам Дворнікам. Дзяржава падтрымае сапраўдныя таленты, паспрыяе выданню кніг, дапаможа захаваць спадчыну пісьменнікаў, а ад сучасных майстроў сло­ва патрабуецца ствараць якасныя творы, разлічваць іх на ўдумлівага, разумнага і цікаўнага чытача, і ў грамадскай дзейнасці надалей імкнуцца быць карысным грамадству, дапамагаць маладым літаратарамтакія высновы можна зрабіць з той знакавай сустрэчы. У канструктыўным накірунку як яе вынік сёння ідзе праца па стварэнню Музея літаратуры Гомельшчыны, актывізаваны іншыя справы, накіраваныя на падтрымку мастацкага слова. I гэта радуе нас, літаратараў.

- А чым новым парадуе чытачоў празаік Уладзімір Гаўрыловіч?

- Прозу пішу зараз няшмат, таму што журналісцкая работа забірае душу і сэрца. Але ж у красавіцкім нумары “Полымя” можна знайсці аповесць пра каханне “Анёлак мой, анёлак...” Зараз працую ў малым жанры апавядання. Чакаю выхаду новай кнігі ў адным са сталічных выдавецтваў.

- Поспеху фэсту, усім яго ўдзельнікам, шчасця і новых твораў вам.

- Дзякуй.