Літаратура без межаў

Кручэнка Т. Літаратура без межаў / Тамара Кручэнка // Гомельская праўда.- 2012.- 30 жніўня.- С. 10.

 

 

16 пісьменнікаў-землякоў, а таксама слухачы школы “Малады літаратар”, удзельнікі літаб’яднанняў Гомельскага, Добрушскага раёнаў Гомельшчыны, Навазыбкаўскага і Злынкаўскага раёнаў Браншчыны былі ўдзельнікамі паэтычнага свята “Жнівеньскі зарапад” у Добрушы, прысвечанага Году кнігі.

Літаратараў шчыра прывіталі настаяцель Свята-Мікалаеўскага сабора ў Добрушы айцец Аляксей і начальнік аддзела культуры райвыканкама Рыгор Козыраў, аўтар нядаўна выдадзенай кнігі пародый і афарызмаў “Подсмотрено у жизни”.

Калектыў Добрушскай цэнтральнай раённай бібліятэкі пастараўся, каб госці адчулі, як любяць у горадзе над Іпуццю паэзію: у Палацы культуры імя Куйбышава было шматлюдна. Да свята прымеркавалі шыкоўную кніжную выставу, падрыхтавалі музычныя падарункі з удзелам самадзейных кампазітараў, гамяльчанак Валянціны Каралёвай і Ліны Кастэнка. I, канечне ж, на працягу трох гадзін гучала высокая паэзія. Свае творы чыталі Мікола Ждановіч, Міхась Башлакоў, Рыгор Козыраў, Марыя Маліноўская, Галіна Рагавая, Іна Спасібіна, Вольга Астапенка і многія іншыя.

Спонсар выдання шэрагу кніг маладых аўтараў паэт Іван Бісеў шчыра прызнаўся, што дапамог у падрыхтоўцы такой сустрэчы ў Добрушы, на памежжы з Расіяй, акурат у дзень нараджэння сваей маці, якая прыехала з Навазыбкава паслухаць сына. I, дарэчы, з яшчэ адным прыхільнікам паэзіі — сынам Канстанцінам, кіраўніком навазыбкаўскага клуба “Гітарныя пасядзелкі”. Так што ўдзельнікі і госці свята ўпэўніліся: літаратура не ведае межаў.