Майстар – клас ад гомельскіх педагогаў

Дубоўская В. Майстар – клас ад гомельскіх педагогаў // Настаўніцкая.- 2008.- 21 кастр.- С. 1
Международный фестиваль педагогических коллективов трех областей

 

Нядаўна ў Гомелі прайшоў Міжнародны фестываль педагагічных калектываў Гомеля, Бранска і Чарнігава. У ім прымалі ўдзел дырэктары, іх намеснікі, настаўнікі пачатковых класаў з сярэдніх школ № 60 Гомеля і № 60 Бранска, а таксама гімназіі № 12 Чарнігава.

Гэтыя навучальныя ўстановы даўно звязаны сяброўскімі сувязямі. На працягу многіх гадоў адбываюцца прафесійныя і творчыя абмены вопытам педагогаў і навучэнцаў. Міжнародны фестываль педагагічных калектываў праводзіўся другі раз.

У праграму мерапрыемства ўваходзілі майстар-класы настаўнікаў пачатковых класаў сярэдняй школы № 60 Гомеля. Сваім педагагічным майстэрствам падзялілася Маргарыта Юр'еўна Каменюкова, якая прадэманстравала ўрок па англійскай мове ў пачатковай школе. А Вольга Уладзіміраўна Цібянькова запрасіла на ўрок матэматыкі, які таксама праводзіўся для пачаткоўцаў

Па словах Анатоля Віктаравіча Літошкі, дырэктара гомельскай школы № 60, Маргарыта Юр'еўна ўжо некалькіх гадоў працуе з адоранымі дзецьмі, якія пастаянна становяцца прызёрамі як раённых, так і абласных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах. "Урок М. Ю. Каменюковай быў накіраваны на тое, каб прадэманстраваць сучасныя магчымасці выкарыстання камп'ютэрных тэхналогій пры вывучэнні замежнай мовы.

Трэба адзначыць, што яна сама стварае неабходныя ў працэсе навучання дзяцей камп'ютэрныя праграмы. Акрамя таго, настаўніца на сваіх уроках актыўна выкарыстоўвае модульную і праектную тэхналогіі", — падкрэсліў дырэктар.

Вольга Уладзіміраўна Цібянькова прыхільніца сумяшчэння традыцыйнага і сучаснага, таму свой урок пабудавала на рэгіянальным кампаненце, які прысутнічаў і ў задачах, і ў прыкладах, і ва ўраўненнях. Пасля майстар-класаў калегі з Чарнігава і Бранска заўважылі, што ў беларускай пачатковай школе шмат увагі ўдзяляецца здароўезберагальным тэхналогіям. На жаль, калегі з Расіі і Украіны на сваіх уроках не праводзяць у такой колькасці фізкультхвілінак і практыкаванняў для зняцця напружання з вачэй. Не практыкуецца ў навучальных установах Бранска і Чарнігава і выкарыстанне камп'ютэраў у пачатковай школе.

Разам з тым госці педагагічнага фестывалю падзяліліся і сваімі напрацоўкамі. У прыватнасці, чарнігаўцы расказвалі пра методыку падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання. Сёлета два вучні гімназіі № 12 Чарнігава на тэсціраванні набралі 398 балаў з 400 магчымых, якія можна набраць у іх краіне. Ды і сама гімназія ўваходзіць у дзесятку лепшых навучальных устаноў Украіны.

У межах фестывалю адбылося і прадстаўленне ўдзельніка школьнага і раённага конкурсу прафесійнага майстэрства "Настаўнік года". Свой прафесійны партфоліо прадэманстравала настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 60 Гомеля Ганна Васільеўна Аляксеенка. У 2006/2007 навучальным годзе яна стала пераможцай школьнага конкурсу "Настаўнік года", а летась стала прызёрам раённага конкурсу.

Яркай падзеяй педагагічнага фестывалю гомельскіх, бранскіх і чарнігаўскіх педагогаў і школьнікаў стаў праект "Квітней, Мая Беларусь!". Вучні і настаўнікі пачатковых класаў гомельскай школы № 60 у цікавай і займальнай форме расказалі пра гісторыю і сучаснасць нашай краіны.