“Мы – славяне!”

Серпікаў В. “Мы – славяне!” / Віктар Серпікаў // Добрушскі край.- 2012.- 29 верасня.- С. 10.

 

 

Напярэдадні Сусветнага дня турызму адбыўся VII міжнародны злёт клубаў турысцка-краязнаўчай накіраванасці “Мы – славяне!”

Злёт праводзіўся ў Александрыйскім кар’еры ў ваколіцах вёскі Каташын Навазыбкаўскага раёна Бранскай вобласці. Традыцыйна ў ім прымала ўдзел і каманда турыстаў-краязнаўцаў Насовіцкай школы.

Раніца ў дзень заезду ўдзельнікаў злёту выдалася надзвычай цёплай. Стройныя беластвольныя бярозкі-прыгажуні ўрачыста сустракалі рабят з Бранскай вобласці і нашага раёна. Адміністрацыя Навазыбкаўскага раёна, аддзел па фізічнай культуры і спорце, аддзел адукацыі гэтага раёна з усёй адказнасцю аднесліся да правядзення чарговага турыстычнага злёту. У дастатковай колькасці былі завезены дровы, калодзежная вада, працаваў буфет, у якім можна было купіць ласункі нават за беларускія грошы.

Пасля добраўпарадкавання лагера адбылося ўрачыстае адкрыццё злёту, на якім прысутнічалі прадстаўнікі Навазыбкаўскага аддзела адукацыі і адміністрацыі раёна.

У дзень заезду праводзіліся і першыя конкурсы – візітак, насценных газет, прысвечаных вызваленню Браншчыны і Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, конкурс юных кулінараў, прадстаўленне каманд, якое перарасло ў незвычайную вячэрнюю дыскатэку.

У першы дзень сваё высокае кулінарнае майстэрства прадэманстравалі нашы рабяты Мікола Пракошын і Слава Баброў. Яны былі адзначаны дыпломам І ступені.

Самае цікавае і захапляючае было на другі дзень спаборніцтваў. Турыстычная паласа перашкод, конкурс па разборцы-зборцы аўтамата, стральбе па мішэнях, тапаграфіі, тэстах на тэму Вялікай Айчыннай вайны.

Павел Паўлючэнка заняў першае месца ў стральбе, чым зрабіў сабе добры падарунак на дзень нараджэння. Нядрэнна выступілі на турыстычнай паласе перашкод Слава Баранаў, Ягор Аліеў, Павел Паўлючэнка, Аліна Сакоўская, Ліза Буранкова, Таня Ушак. Наш бівуак, як і штогод, вабіў вока сваім прыгожым выглядам і чысцінёй, гасціннасцю і добразычлівасцю.

На злёце рабяты атрымалі тры дыпломы І ступені, адзін – другой, і гэта дазволіла заняць ім у агульнакамандным заліку першае месца.

Разнастайная гульнявая праграма, дыскатэка, вечар сяброўства пакінулі ў памяці дзяцей незабыўныя ўспаміны.