На пароме - па кветку-Папараць

Вохін, Г. На пароме – па кветку-Папараць : [развіццю турыстычнага патэнцыялу прысвечана міжнародная канферэнцыя “Дняпроўскі паром. Гісторыка-культурнае ўзаемадзеянне”] / Генадзь Вохін // Культура.- 2018.- 12 мая.- С. 12

Развіццё турыстычнага патэнцыялу Усходняга Палесся: як адкрыцъ утоеныя скарбы?

Трансгранічныя ініцыятывы ў галіне культуры — не толькі магчымасць атрымаць дадатковае фінансаванне, але і новыя перспективы развіцця. Што прыемна, гэта разумеюць ужо не толькі на захадзе краіны, дзе такія праекты ўжо даўно і плённа рэалізуюцца, але і на ўсходзе. Маштабная беларуска-ўкраінская ініцыятыва “Дняпроўскі паром”, распачатая напрыканцы мінулага года пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза, мае дэвіз “Ад партнёр­ства мясцовых музеяў да шырокага трансгранічнага культурнага супрацоўніцтва”. У яе рамках 26 — 27 красавка пад Гомелем прайшла міжнародная канферэнцыя, у якой узялі ўдзел больш за 50 спецыялістаў з Беларусі, Украіны і Расіі.

Удзел у праекце бяруць пяць музеяў Гомелыпчыны — з са­мого Гомеля, а таксама з Веткi, Лоева, Рэчыцы, — і шэсць Чарнігаўшчыны. Галоўная мэта дняпроўскага паро­му” — аб’яднаць намаганні ўстаноў у рамках стварэння турыстыч­нага трансгранічнага маршрута, а таксама наладзіць супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне. Менавіта таму шмат дакладаў бы­ло прысвечана гістарычнай спадчыне поліэтнічнага і поліканфесійнага рэгіена, дзе жылі і праваслаўныя, і каталікі, і стараверы, і юдэі.

Дняпроускі паром прыняў на свой борт не толькі музейшчыкаў Беларусі і Украіны. Сярод яго ўдзельнікаў — этног­рафы і антраполагі, гісторыкі і краязнаўцы, географы і нават біёлагі. Усе спецыялісты, якія ў сваёй працы даследуюць Усходняе Палессе.

Страх радыяцыі

Аб’яднанне “Зялёны крыж”, якое выступав беларускім парт­нёрам “Парома”, не першы год рэалізуе самыя розныя сацы- яльна значныя праекты ў пацярпелым ад Чарнобыльскай навалы рэгіёне. Некалі яно пачынала з выключна экалагічных мерапрыемстваў, але з цягам часу стала зразумела, што гэтага мала. Такім чынам і паўстаў “Дняпроўскі паром”, скіраваны не толькі на наладжванне супрацоўніцтва паміж музеямі, але і на развіццё турыстычнага патэнцыялу ды павелічэнне цікавасці да культуры і гісторыі рэгіёну.

Дата правядзення канферэнцыі была прымеркаваная да трагічных угодак катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, наступствы якой дагэтуль моцна ўплываюць як на прыроду, экалогію, будзённае жыццё звычайных людзей, так і на культуру і турыстычны рух па абодвух баках мяжы.

Як адзначыў у сваім дакладзе дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Мікалай Дайнэка, уплыў аварыі на ЧАЭС з’яўляецца адной з галоўных перашкод для развіцця турызму. Прычым перадусім гэта — страхі, звязаныя з наведваннем забруджаных тэрыторый. Насамрэч, даводзіў даследчык, да­лёка не ўсе мясцовасці “забруджаныя”. Ды і тыя землі, што непрыдатныя для пастаяннага пражывання, можна бясшкодна для сябе наведваць кароткатэрмінова. Больш за тое, як паказалі апошнія даследаванні, на тэрыторыі тых жа Брагінскага і Лоеўскага раёнаў узровень радыяцыйнага забруджвання апошнім часам значна знізіўся.

Без прыроды не абысціся

Дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Паўлоўскі распавядаў, якім чы­нам прыродны ландшафт здатны ўплываць на фарміраванне культуры беларуска-ўкраінскага памежжа. Дакладчык давёў, што сувязь — непарыўная. Адпаведна, гэтыя два фактары не толькі могуць, але і павінны выкарыстоўвацца ў турызме комплек­сна.

Прафесар Нацыянальнага ўніверсітэта “Чарнігаўскі калегіум” Аляксандр Лукаш звярнуў увагу на каштоўнасць расліннай разнастайнасці земляў, размешчаных абапал мяжы. Мала хто ведае, але тут расце некалькі відаў архідэяў — толькі не трапічных, а іх мясцовых сваякоў. Той жа венерын чаравічак — рэдкая і вельмі прыгожая кветка, занесеная ў Чырвоную кнігу. А чараўнік двухлісты адметны не толькі сваёй прыгажосцю, але і выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. Багаты край і на рэлікты — напрыклад, тыя ж папараці. Пра месца гэтай расліны ў народнай культуры, ду­мавши, нават і казаць не трэба. Ды і Дняпро неаднойчы стана- віўся мяжой — як для дзяржаў, так і для пэўных відаў расліннага свету.

Таму, як адзначыў даклад­чык, вельмі важна захаваць адпачатную прыроду рэгіёна: толькі ў комплексе з ёй можна асэнсаваць і тутэйшую гісторыка-культурную спадчыну.

“Закінутасць” пацярпелага ад радыяцыі краю, як прадэманстраваў Мікалай Дайнэка, прыводзіць і да культурнага і гістарычнага заняпаду. Пасля адсялення вёсак паступова мяняецца і ўвесь культурны ды і прыродны ландшафт рэгіёну. Зарастаюць лугі і палі, знікаюць дарогі і праз пэўны час пра багатую гісторыю можна будзе толькі пачытаць у кнігах. Таму пакуль яшчэ магчыма, сцвярджае спадар Мікалай, неабходна зафіксаваць культур­ны ландшафт рэгіёну.

Навуковыя рэканструкцыі - для турбізнесу

Бадай, самая цікавая частка канферэнцыі — прынамсі, для мяне асабіста — была прысвеча- ная магчымасці выкарыстання і развіццю патэнцыялу водных шляхоў — перадусім, натураль­на, Дняпра і Сожа — у навуковых даследаваннях, музейнай справе і ў турыстычным бізнесе. Распачаў тэты блок даклад беларускага даслёдчыка Андрэя Кіштымава “Палеская навігацыя:  гісторыка-турыстычны патэнцыял водных шляхоў Падняпроўя”.

На думку гісторыка, праект “Дняпроўскі паром” вельмі трапна грунтуецца на асэнсаванні культурнай і гістарычнай спадчыны рэк, бо менавіта ўздоўж іх берагоў і паўстала цывілізацыя ў нашым краі. Водападзел, які праходзіць па зем­лях Беларусі, адыгрываў ключавую ролю для таго ж “Шляху з варагаў у грэкі” — тут былі асноўныя волакі і найбольш складаныя часткі маршрута.

I менавіта таму мясцовая традыцыя багатая на самыя розныя чаўны — у залежнасці і ад патрэб, і ад саміх рэк, на якіх яны выкарыстоўваліся. Гэта — грузавыя лайбы і стругі, якія хадзілі пад ветразем, віціны і баркі, байдакі і берліны, якія маглі ісці супраць плыні самі ці пры дапамозе бурлакоў.

У 2001 — 2009 гадах гісторыку пашчасціла ўзяць удзел у міжнародным навуковым праекце — даследчыкі з розных краін на копіях аўтэнтычных чаўноў прайшлі ад Волгі да Віслы і ад Чорнага мора да Балтыйскага. Сёння гэтыя навуковыя экспе- дыцыі, пра якія “К” ужо пісала, могуць стаць асновай для супе- рэксклюзіўных турмаршрутаў з лёгкім прысмакам экстрыму.

Балазе, аўтэнтычныя тэхналогіі вырабу старажытнарускіх рачных судоў навукоўцы ўжо аднавілі ў падрабязнасцях. Андрэй Пятраўскас з Інстытута археалогіі НАН Украіны падчас свайго даклада прадэманстраваў шматлікія фота гэтага працэсу — ад выбару дрэва і яго падрыхтоўкі да выпальвання, дзяўбання і распарвання (калі ў запоўнены вадой човен апускаюць нагрэтыя на вогнішчы камяні і вада імгненна закіпае). У выніку дрэ­ва мякчэе і яго распоркамі расцягваюць ушыркі і надаюць патрэбную форму бартам.

Як сцвярджае спадар Кіштымаў, рэканструктарскія праекты навукоўцаў дазволілі больш дэталёва ацаніць патэнцыял сучасны стан прыроднай і гістарычнай спадчыны для выка­рыстання яе як у рэгіянальным, так і ў трансгранічным культур­ным супрацоўніцтве.

Так, першыя параходы ў свеце з’явіліся ў 1807 годзе, у Расійскай імперыі — у 1817, а ва Украіне і Беларусі — у 1823 і 1824 гадах адпаведна. На сёння такі традыцыйны від транспарту фактычна не выкарыстоўваецца не толькі ў турызме, але і ў пасажырскіх перавозках. I гэта пры тым, што ён — танней у 5 разоў за чыгуначны і ў 10 за аўтамабільны. А яшчэ ж не так даўно ён быў вельмі запатрабаваным. Нават перанясенне мошчаў Ефрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк у 1910 годзе адбывалася па вадзе — велічны па­раход у суправаджэнні яшчэ двух давёз іх ажно да Оршы.

Падтрымаў спадара Кіштымава і намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Сяргей Віцязь. На яго думку, менавіта праз арганізацыю водных мар­шруту і ўвогуле комплексны падыход да развіцця турыстычнай дзейнасці можна звязаць у адно цэлае матэрыяльную і нематэрыяльную культуру трансгранічнага рэгіёна.

■■■

Канферэнцыя “Дняпроўскі паром. Гісторыка-культурнае ўзаемадзеянне” — не першая акцыя у рамках вялікага праекта. I таму ўжо паспела скласціся традыцыя, калі на завяршэнні кожнага “паромнага” этапу ўсе ўдзельнікі мусяць “запусціць” свой маленечкі паромчык — папяровы караблік, які сімвалізуе супрацоўніцтва суседніх рэгіёнаў Беларусі і Украіны, мяжа паміж якімі не павінна раз’ядноўваць. Гэтак было і тым разам — у надзеі на далейшыя сустрэчы і плённую супольную работу на карысць як саміх музеяў, так і ўсіх жыхароў тых мясцінаў, дзе яны размешчаны. А таксама, вядома, усіх будучых гасцей, якія некалі адкрыюць утоеныя па­куль скарбы Усходняга Палесся.