Нам разам жыць і працаваць

Піскунова Л. Нам разам жыць і працаваць // Добрушскі край.- 2000.- 29 чэрвеня.- С. 2.

 

 

Наколькі ж моцным было жаданне жыхароў навакольных вёсак трапіць на традыцыйнае свята, што адбываецца штогод у Дзень моладзі на перакрыжаванні трох дарог, дзе сыходзяцца землі Беларусі, Расіі і Украіны, калі да манумента Дружбы дабіраліся хто на спадарожным транспарце, хто на калёсах, а хто і пешшу. Але, напэўна, ніводзін з удзельнікаў маладзёжнага міжнароднага фестывалю "Славянскае братэрства - 2000" не пашкадаваў аб тым, што вырашыў адзначыць гэта цудоўнае свята ў такім шырокім коле сяброў.

Роўна чвэрць стагоддзя таму на высокім кургане ўзняўся ў вышыню велічны манумент, каля якога сёлета сабралася 600 юнакоў і дзяўчат з Бранскай, Чарнігаўскай абласцей, а таксама Краснадарскага і Стаўрапольскага краёў, Белгародскай вобласці.

Гаспадыня сёлетняга свята - Гомельшчына - не пашкадавала ветлівых слоў, цёплых абдымкаў, хлеба-солі для дарагіх гасцей.

Нацыянальны каларыт фестывалю адчуваўся ва ўсім: стракатых вышываных ручніках, яркіх фарбах пейзажаў, адмысловых работах майстроў-умельцаў, якімі ва ўсе часы славіліся нашы землі. Нельга было прайсці міма гандлёвых радоў, шатроў-кафэ, дзе ад пахаў разнастайнай смакатэчы слюнкі цяклі...

Прыхільнікаў спорту вабілі спаборніцтвы асілкаў, футбольныя матчы, паказальныя выступленні конна-спартыўнай школы.

... А тым часам на імправізаваную сцэну паднімаюцца ганаровыя госці свята, якія ўзначалілі афіцыйныя дэлегацыі краін-удзельніц міжнароднага фестывалю. Урад Беларусі прадстаўлялі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ П.У. Шыпук, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу А.А. Малафееў.

- Збіраючыся тут, мы гаворым адзін аднаму самыя шчырыя, самыя цёплыя словы, - звярнуўся з братэрскім прывітаннем да гасцей старшыня Гомельскага аблвыканкама М.Р. Вайцянкоў. - Мы хочам жыць і працаваць разам, толькі тады мы будзем адчуваць сваю сілу і магутнасць.

Сапраўды, як заўважыў Павел Шыпук, нам, славянам, наканавана быць разам і ў горы, і ў радасці.

- Нам не пашкодзяць ні межы, ні мытні, галоўнае, каб яны не праляглі праз нашы душы і праз душы нашых дзяцей, - запэўніў удзельнікаў фестывалю губернатар Бранскай вобласці Юрый Лодкін.

Своеасаблівым заклікам для маладых да яднання, узаемадзеяння ва ўсіх сферах жыцця, развіцця адкрытых чалавечых адносін стала прывітанне Прэзідэнта Украіны Д.Кучмы, тэкст якога прачытаў старшыня Чарнігаўскай абласной дзяржадміністрацыі М.Бутко.

Разам сабраліся ў той святочны дзень і прадстаўнікі духавенства трох суседніх абласцей. Яны гаварылі аб тым, што наша вера - адзіная, яна і ёсць тым аб'яднаўчым фундаментам паміж нашымі народамі.

Нібы сімвалізуючы наступны дзень, новае тысячагоддзе, высока ў сіняву чэрвеньскага неба ўзняўся вялізны паветраны шар, упрыгожаны сімволікай трох дзяржаў. 3 захапленнем назіралі ўдзельнікі свята і за самалётам, што дэманстраваў галавакружныя фігуры вышэйшага пілатажу...

Шматлікіх гледачоў сабраў святочны канцэрт, у якім прынялі ўдзел вядомыя артысты беларускай эстрады. Доўга яшчэ гучала над зялёным лугам музыка, разносіліся спевы, чуліся жарты, смех, і калі наблізіўся час развітання, задушэўна-шчымліва сябры жадалі адзін аднаму новых сустрэч, такіх жа незабыўных і сардэчных.

Л. Піскунова