Песні і вершы аб дружбе

Стрыбук П. Песні і вершы аб дружбе // Добрушскі край.- 2000.- 17 жніўня.- C. 3

 

 

Адкрыты ў маі 1975 года на граніцы трох славянскіх рэспублік велічны мемарыял стаў пастаянным месцам традыцыйных сустрэч і народных святаў. У чэрвені таго ж года на памежжы зноў загучала музыка, песні і вершы на трох мовах. Манумент Дружбы на старажытным кургане пертварыўся ў сімвал масавага мерапрыемства - Дзён літаратуры і мастацтв Беларусі ў Украінскай ССР. А пачаліся яны ў невялікай вёсцы Гарнастаеўцы Рэпкінскага раёна, на пабярэжжы магутнага Дняпра.

На святочна ўпрыгожанай чыгуначнай станцыі беларускіх гасцей сустракалі не толькі мясцовыя жыхары, але і прадстаўнікі грамадскасці з Чарнігава і Кіева: намеснік міністра культуры УССР А.С. Чарнабрыўцава, загадчык аддзела прапаганды і агітацыі абкама КПУ І.І. Музычэнка, намеснік старшыні аблвыканкама Б.І.Сенько, начальнік абласнога ўпраўлення культуры А.Д. Стасевіч, першы сакратар Рэпкі-нскага райкама партыі К.А. Аўчынкін.

Тут жа, на пероне, дзе спыніўся поезд Дружбы з Гомеля, прайшоў кароткі мітынг. Членам прыбыўшай дэлегацыі ўручылі хлеб-соль і кветкі. Разам з пісьменікамі і дзеячамі мастацтваў Беларусі прыехалі загадчык аддзела культуры С.В. Марцэлеў, сакратар Гомельскага абкама партыі С.П. Бабыр, міністр культуры БССР Ю.М. Міхневіч. 3 падзячным словам у адказ на шчырыя прывітанні выступіў старшыня Саюза кампазітараў Беларусі, народны артыст СССР Р.Р. Шырма. А затым над вакзалам узвілися ў летнія нябёсы ўрачыстая песня на мелодыю расійскага кампазітара Ісаака Дунаеўскага "краю мій, мая ти Ботьківщино" - яе спявалі Дзяржаўны народны хор Беларусі, хор Чарнігаўскага музычнага вучылішча, усе прысутныя.

Гэтак жа гасцінна віталі беларусаў з поезда Дружбы на чыгуначных станцыях Нежын і Чарнігаў. У абласным цэнтры шматлюдны мітынг быў праведзены на тэатральнай плошчы імя Куйбышава. Тут выступілі першы сакратар гаркама і КПУ М.І. Агеенка, ткачыха камвольна-суконнага камбіната В.Л. Сінько, ганаровы грамадзянін г.Оршы, Герой Савецкага Саюза А.С. Юрчанка, кіраўнік народнага хору "Дзясна", заслужаны артыст Украіны Л.М. Пашын, беларускі паэт Ніл Гілевіч.

Вечарам у святочным канцэрце паказалі сваё высокае майстэрства вядучыя музычныя калектывы - Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла і сімфанічны аркестр Беларусі, квартэт балалаечнікаў Віцебскага музычнага вучылішча, ансамблю песні і танца Маладзечанскага Дома культуры, народныя артысты рэспублікі Віктар Чарнабаеў, Святлана Данілюк, Тамара Шымко, іншыя вядомыя выканаўцы.

3 нагоды Дзён літаратуры і мастацтва Беларусі на Украіне, нефармальная сустрэча інтэлігенцыі спаборнічаючых Добрушскага і Гараднянскага раёнаў адбылася 17 чэрвеня каля манумента Дружбы. Тут выступалі мастацкія калектывы мясцовых калгасаў, прадпрыемстваў і школ.

У справаздачы абласнога ўпраўлення культуры Гомельскаму аблвыканкаму адзначалася:

"Добрушскія культасветустановы падтрымліваюць творчыя сувязі з Гараднянскім і Шчорскім раёнамі Чарнігаўскай вобласці. Так, калектыў мастацкай самадзейнасці Добрушскага РДК у дні дэкады беларускага мастацтва і літаратуры на Украіне выступіў у вёсцы Сянькоўка Гараднянскага раёна. Гомельскі аблдрамтэатр знаходзіўся на гастролях у чэрвені у г. Чарнігаве, у ліпені - у г. Смаленску. У г. Гомелі і вобласці праходзілі гастролі: у чэрвені - Чарнігаўскага дзяржаўнага музычна-драматычнага тэатра імя Т.Р.Шаўчэнкі, у ліпені - Брэсцкага аблдрамтэатра імя Ленінскага камсамола Беларусі, у жніўні - Смаленскага абласнога драматычнага тэатра..."

А ў верасні ў рускім сяле Красны Рог Почапскага раёна - на радзіме знакамітага пісьменніка А.К. Талстога было наладжана свята паэзіі, на якое былі запрошаны прадстаўнікі некалькіх абласцей Расіі, Украіны і Беларусі. У старадаўні парк сустрэцца з паэтамі прыйшлі тысячы людзей. Газета "Брянский рабочий" паведамляла 9 верасня 1975 года: "...На паркавай эстрадзе, размешчанай побач з музеем вялікага паэта, змяняючы адзін аднаго, падыходзяць да мікрафона паэты з Кіева і Бранска, Чарнігава і Гомеля, Тулы і Арла. Гучаць вершы на рускай, украінскай і беларускай мовах..."

Поруч з расшырэннем культурных сувязяў паміж суседзямі раёнамі і абласцямі, мацавалася эканамічнае супрацоўніцтва. Добрушская папяровая фабрыка "Герой працы" мела сотні партнёраў ва многіх саюзных рэспубліках, у прыватнасці, - гэта Карукаўская і Панінкаўская фабрыкі на Украіне, Суражская - у Бранскай вобласці РСФСР. Абмен вытворчым вопытам, новымі тэхналогіямі паміж спаборнічаючыму калектывамі, узаемныя паездкі рабочых дэлегацый сталі традыцыйнымі.

Напрыканцы 1975 года перадавыя даяркі прыгранічных калгасаў - Надзежда Іванаўна Фаменка ("Савецкая Расія" Клімаўскага раёна РСФСР), Ганна Гаўрылаўна Кушчан ("Украіна" Шчорскага раёна) і беларуска Валянціна Макараўна Зенчанка з калгаса імя Фрунзе выступілі з адкрытым пісьмом да ўсіх даярак Бранскай, Чарнігаўскай і Гомельскай абласцей з заклікам дасягнуць павышэння прадуктыўнасці малочнага статка, палепшыць працоўныя паказчыкі.

Спаборніцтва сябровак падхапілі многія жанчыны. Старшыня жансавета Навазыбкаўскага раёна М.В. Рушалава, выступаючы на сходзе жанчын-працаўніц Гараднянскага раёна 27 ліпеня, заявіла:

"Мы падтрымліваем ідэю, каб у наша трацыцыйнае спаборніцтва паміж суседнімі раёнамі трох рэспублік-сясцёр уключыць дадаткова спаборніцтва прадстаўнікоў адной і той жа прафесіі".

У справаздачным дакладзе Гомельскага абкама КПБ XIX абласной партыйнай канферэнцыі ў канцы 1975 года адзначалася, што ў вобласці "нямала робіцца па патрыятычнаму і інтэрнацыянальнаму выхаванню. /.../ Сапраўдным святам звілася адкрыццё манумента Дружбы на граніцы Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей".

П. Стрыбук