Праз эканамічнае супрацоўніцтва - да палітычнага саюза

Ждановіч М. Праз эканамічнае супрацоўніцтва - да палітычнага саюза / Мікола Ждановіч // Гомельская праўда.- 2000.- 23 лістапада.- С. 1.

 

Знаходжанне дэлегацыі Бранскай вобласці на Гомельшчыне.

Нельга не заўважыць, якое вялікае значэнне надаецца ў нашай краіне развіццю міжрэгіянальных сувязей, у першую чаргу з рэгіёнамі блізкай суседкі - Расіі. Кантакты Гомельскай і Бранскай абласцей, афіцыйна-прававая аснова якіх была замацавана ў 1997 годзе падпісаным двухбаковым пагадненнем аб супрацоуніцтве, служаць таму яскравым пацвярджэннем. Каля 186 працэнтаў склаў сёлета рост экспартна-імпартных аперацый паміж абласцямі, прычым Гомельшчына ў гэтых знешнегандлёвых стасунках выглядае найбольш прывабна. Доля экспарту ў Расію ў 5-6 разоў перавышае імпартную велічыню, а яго рост сёлета склаў у натуральным выражэнні каля 37 мільёнаў долараў.

Па прызнанню кіраўніка афіцыйнай дэлегацыі Бранскай вооласці, главы абласной адміністрацыі Юрыя Лодкіна, існуючы дыспарытэт, якім беларускія партнёры могуць па праву ганарыцца, тлумачыцца больш стабільнай работай прамысловасці Гомельшчыны, а таксама вялікім інтарэсам расіян да высакаякасных і даступных па цане беларускіх тавараў. Названая дэлегацыя 21 лістапада знаходзіліся ў нашай вобласці.

Цёплым і гасцінным было вітанне расіян на беларускай зямлі, наладжанае на пераходзе "Селішча", што ў Добрушскім раёне. Затым у зале гомельскага грамадска-культурнага цэнтра адбылася ўзаемазацікаўленая сустрэча гасцей з прадстаунікамі выканаўчай улады вобласці і горада Гомеля, кіраўнікамі буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый Гомельшчыны. Аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці і абласнога цэнтра (а ў апошнія гады па важнейшых паказчыках яно адрозніваецца станоўчай дынамікай партнёраў па супрацоўніцтву) праінфармавалі першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Сідорскі і мэр Гомеля Аляксандр Якабсон.

- Нас не можа не задавальняць, - адзначыў прадстаўнік абласной "вертыкалі" , - што нашы сувязі з суседзямі пашыраюцца, што гаспадарнікі Гомельшчыны і Браншчыны робяць упэўненыя крокі па развіццю эканамічнага супрацоўніцтва.

Гэтую думку падтрымаў і губернатар Бранскай вобласці.

- Падводзячы вынікі дзейнасці нашай уладнай каманды за чатырохгадовы перыяд пасля выбараў, - падкрэсліў Юрый Лодкін, - мы адзначаем, што ў нашай вобласці таксама створана добрая эканамічная аснова для далейшага плённага супрацоўніцтва з Гомельшчынай, Беларуссю ў цэлым.

Паколькі нашы расійскія суседзі разглядаюць Беларусь (Гомельшчыну ў прыватнасці) як асноўнага партнёра ў далейшым эканамічным супрацоуніцтве, нельга не парадавацца станоўчым пераменам на Браншчыне. Бо формула, акрэсленая падчас візіту да нас дэлегацыі Бранскай вобласці, праз эканамічнае супрацоўніцтва да палітычнага саюза - гэта актуальная праграма дзеянняў для абодвух бакоў. Тым больш, што добрыя прыклады ўзаемавыгадных стасункаў маюцца. У Гандлёвым доме, адкрытым у Бранску, прадаюцца беларускія тавары, пашыраюць узаемныя кантакты транспартнікі дзвюх абласцей, нямала добрых напрацовак па рамонту і абнаўленню рухомага саставу пасажырскага аўтатранспарту ў створанага тры гады назад на базе Гомельскага і Бранскага аўтарамзаводаў сумеснага прадпрыемства "Гомель-Бранск-аўтарамонт". Удзельнікі сустрэчы, пабываўшы ў цэхах гомельскага аўтарамзавода, пераканаліся: калектыў АРЗ з усёй адказнасцю ставіцца да выканання ўзятых абавязацельстваў.

Многае робіцца па развіццю міжрэгіянальных сувязяў і ў адкрытым акцыянерным таварыстве "Гомельдрэў", якое таксама наведалі члены бранскай дэлегацыі.

У ходзе кантактаў нарадзілася нямала добрых ідэй. Прапанавана, напрыклад, у рамках гандлёвых стасункаў прадпрыняць захады па адкрыццю спецыялізаваных магазінаў па продажы дзяцькаўскага хрусталю ў Гомелі, а добрушскага фарфору - ў Бранску. Кіраўнік дэлегацыі паабяцаў вырашыць і праблему ўплаты экалагічнага падатку для транспартных сродкаў Гомельшчыны на пераходах Бранскай вобласці.

- Але простыя адносіны па прынцыпу "купі - прадай" нас сёння ўжо не задавальняюць, - адзначыў на прэс-канферэнцыі, што адбылася на аўтарамонтным заводзе, Юрый Лодкін. - Больш перспектыўным бачыцца шлях інтэграцыі прамысловых, транспартных і іншых галін нашых абласцей, па якім мы і будзем крочыць, развіваючы далейшае супрацоўніцтва з Гомельшчынай.

Учора дэлегацыя Браншчыны прыбыла ў Мінск, дзе адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі рэспублікі, падпісаны Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Бранскай вобласцю.

Мікола Ждановіч