Распілаваць за паўхвіліны тоўстае бервяно або трапна кінуць у драўляны шчыт сякеру… Такія мужчынскія выпрабаванні пад сілу толькі сапраўдным прафесіяналам. Нямала такіх сярод работнікаў лесу.
На мінулым тыдні ў работнікаў Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання і Чарнігаўскага аблупраўлення лясной гаспадаркі з’явілася выдатная нагода пазмагацца не толькі ў традыцыйных дысцыплінах: міні-футболе, шашках, дартсе, перацягванні каната, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, настольным тэнісе, гіравым спорце. Прадметам змагання сталі і вузкаспецыяльныя дысцыпліны.
На базе спартыўнага комплексу ДЮСШ у Добрушы праведзена ХIV міжнародная спартакіяда работнікаў лясной гаспадаркі “Славянскае братэрства”. Яна праводзілася ў тры этапы. Першы – адборачныя спаборніцтвы ў калектывах лясгасаў, другі – абласная галіновая спартакіяда. Да трэцяга этапу дайшлі самыя моцныя і спрактыкаваныя.
Урачыстая цырымонія адкрыцця міжнароднага турніру пачалася з выступлення генеральнага дырэктара Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Міхаіл Супрун. Ён адзначыў: гомельскія і чарнігаўскія лесаводы спаборнічаюць на спартыўных пляцоўках кожны год. І заўжды перамагае дружба. Прамоўца падзякаваў чернігаўцам, што нават у няпросты для Украіны час яны здолелі падтрымаць сяброўскія традыцыі і прыехаць на Гомельшчыну.
На ўрачыстым адкрыцці спартакіяды таксама трымалі слова старшыня Чарнігаўскага абкама прафсаюза работнікаў лясной гаспадаркі Іосіф Райчынец і старшыня Гомельскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў лесу Віктар Крыўко-Красько.
Праграма спартакіяды ўключала дзевяць відаў спаборніцтваў. Нягледзячы на таварысцкі характар, яны насілі напружаны характар. Кожная каманда жадала перамогі.
Сёлета нашы землякі былі лепшымі ў распілоўцы бярвенняў, кіданні сякеры, шашках і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. У астатніх відах поспех быў на баку гасцей, якія ў рэшце рэшт і атрымалі камандную перамогу.
Узнагароджанне прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы. Дыпломы і медалі ўручылі за першае і другое месцы.
– Безумоўна, спорт – гэта вельмі важна. Але яшчэ больш важныя чалавечыя стасункі, – упэўнены Міхаіл Супрун. – На такіх мерапрыемствах у лесаводаў ёсць магчымасць падзяліцца адзін з адным навінамі, праблемамі і поспехамі. Наступная міжнародная спартакіяда работнікаў лясной гаспадаркі «Славянскае братэрства» пройдзе ў Чарнігаве.
Леанід Мініч
Фота аўтара і Уладзіміра Швяцова