«Слоў не шкадуйце цёплых, пяшчотных!»

Кручэнка Т. «Слоў не шкадуйце цёплых, пяшчотных!» // Гомельская праўда.- 2008.- 9 верас.- С. 2

 

 

Сапраўдная літаратура выхоўвае чалавека, скіравана на ўмацаванне братэрскіх сувязяў славянскіх народаў, а таму ва ўсе часы яна запатрабавана — гэта галоўная выснова "Славянскіх літаратурных дажынак-2008", якія адбыліся на Гомельшчыне па ініцыятыве абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" напярэдадні Дня беларускага пісьменства.

У грамадска-культурным цэнтры пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Украіны шчыра прывіталі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Валерый Сяліцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Анатоль Каціла, старшыня абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Цімафей Глушакоў. Пераможцы творчых конкурсаў, у тым ліку і выхаванцы школы юнага літаратара, актывісты пісьменніцкай арганізацыі атрымалі дыпломы, граматы і сувеніры, у іх гонар быў канцэрт. Сваё захапленне Гомельшчынай выказалі паэты Браншчыны Людміла Ашэка, Рыгор Белы, Наталля Яроміна, Віктар Валодзін, украінская пісьменніца, якая з'яўляецца і членам беларускага творчага саюза, — Лілія Бандарэвіч-Чарненка, паэт з Мінска Вячаслаў Корбут, гамяльчанка Ніна Шклярава і іншыя. Госці пабывалі ў спецыялізаванай Славянскай бібліятэцы, у музеі рэдкай кнігі абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна. У "ленінцы" прайшла прэзентацыя абласных літаратурных альманахаў Браншчыны, Куршчыны, Чарнігаўшчыны. Пісьменнікі Гомельшчыны прадставілі тут двухтомнік паэзіі і прозы.

У гарадскім цэнтры культуры адбыўся вечар памяці нашага славутага земляка Анатоля Грачанікава, прысвечаны яго 70-годдзю. Прыйшлі сюды родныя паэта, сябры, прыхільнікі творчасці. Кранаючым да слёз было выступленне аднакурсніка і сябра Ігара Палешука.

6 верасня на радзіме паэта ў вёсцы Шарпілаўка каля бацькоўскай хаты была пранізлівая сустрэча збратамі Грачанікавымі — гамяльчанамі Генадзем і Леанідам, а таксама Рыгорам, які прыехаў з Сімферопаля. У двары мясцовай школы адбыўся вечар, прысвечаны 70-годдзю паэта. Можна было ўпэўніцца ў непаказной любові землякоў: Гомельскі райвыканкам, Шарпілаўскі сельскі Савет арганізавалі ўсё на вышэйшым узроўні. У вянок Анатолю Грачанікаву чыталіся беларускія, рускія, украінскія вершы, выконваліся песні на мовах братніх народаў. Блізкі сябра паэта Міхась Буткевіч агучыў вершы са сваіх кніг, прысвечаныя Анатолю Сямёнавічу. Вельмі ўразіла ўсіх пісьменнікаў экскурсія на паром "Паўднёвы", які звязвае берагі Сожа. Тут творцы па-сапраўднаму адчулі вытокі творчасці Анатоля Грачанікава, зачэрпнулі натхнення на новыя творы. Вырашана, што літаратурныя чытанні, прысвечаныя памяці Анатоля Грачанікава, будуць праводзіцца тут штогод.