Сімвал дружбы і яднання

Федарава Л. Сімвал дружбы і яднання // Добрушскі край.- 2002.- 6 ліпеня.- C.2
О международном фестивале "Дружба-2002"

 

 

У ТРЫЦЦАЦЬ другі раз адбыўся Міжнародны фестываль славянскіх народаў "Дружба-2002", і ў дваццаць сёмы раз яго ўдзельнікі сабраліся на граніцы трох рэспублік - Беларусі, Украіны і Расіі.

Чым бліжэй да Мамумента, тым больш людзей сустракалі мы па дарозе: хто на аўтамабілі, хто на веласіпедзе, а хто і пешшу дабіраліся да месца святкавання раніцай 30 чэрвеня. А поле вакол манумента Дружбы з трох яго бакоў нагадвала вялізнае людское мора, сярод якога - па-святочнаму ўпрыгожаныя гандлёвыя павільёны і палаткі, міні-бары, канцэртныя пляцоўкі... I як прайсці міма ўсёй той смакатэчы, тым больш, калі адчувалася атмасфера сапраўднай славянскай гасціннасці і добразычлівасці! Не заканчваліся чэргі пакупнікоў і каля гандлёвых вітрын нашага райспажыўтаварыства, ніхто не праходзіў міма, каб не спыніцца, пачуўшы галасістых спевакоў Добрушчыны.

Занятак на свяце мог знайсці, бадай, кожны, бо ў праграме фестывалю - маладзёжныя творчыя конкурсы, фальклорныя экалагічныя экспедыцыі, выстаўкі твораў народных умельцаў, латарэі і іншае.

Але самым цэнтральным іла яго ўрачыстае адкрыццё. Гаспадары сёлетняга фестывалю - расіяне - паклапаціліся аб тым, каб яно атрымалася пранікнёным, відовішчным і запамінальным. Не было традыцыйных доўгіх прамоў афіцыйных асоб, а толькі некалькі прывітальных слоў удзельнікам ад саюзных парламентарыяў і арганізатараў свята.

- Менавіта тут, каля Манумента, як нідзе востра адчуваецца адзінства славянскіх народаў, - падкрэсліў, адкрываючы мітынг-рытуал губернатар Бранскай вобласці Юрый Лодкін. - I зараз мы па-сапраўднаму ўсведамляем, што за апошні час зрабілі вялікі шлях насустрач адзін аднаму.

- Святым храмам, сцены якога - стромкія сосны, падлога - мяккая сакавітая трава, столь - бязмежнае сіняе неба, а алтаром зяўляецца манумент Дружбы, назваў месца, дзе сходзяцца землі трох прыгранічных абласцей, старшыня Гомельскага аблвыканкама А.С. Якабсон.

Са шчырымі словамі прывітання да гасцей і ўдзельнікаў фестывалю звярнуліся старшыня Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расіі Генадзь Селязнёў, старшыня Дзяржкамітэта Украіны па справах сямі і моладзі Валянціна Даўжэнка. Адметным момантам фестывалю стала падпісанне губернатарамі трох суседніх абласцей Юрыем Лодкіным, Аляксандрам Якабсонам і Мікалаем Бутко гістарычна важнага пагаднення аб гандлёва-эканамічных узаемаадносінах, супрацоўніцтве ў галіне навукі, культуры, спорту.

Пасля афіцыйнай часткі свята пачалася песенная пераклічка абласцей, затым - харэаграфічная праграма, выступленне зорак расійскай эстрады.

Л. Федарава