Святло братэрскай творчасці

Чернявский Д. Святло братэрскай творчасці / Дзмітрый Чарняўскі // Гомельские ведомости.- 2014.- 18 октября.- С. 3.
У Гомельскай абласной бібліятэцы імя Леніна адбылося адкрыццё фестываля-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі-2014”

Тры свечкі, якія сімвалізуюць яднанне братніх народаў, запалілі старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі Васіль Дварцоў і старшыня Міжрэгіянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны Анатоль Міроненка на адкрыцці фестываля-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі-2014» ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У. I. Леніна.

Уладзімір Гаўрыловіч падзяліўся с прысутнымі радасцю бачыць калег-літаратараў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Краснадара, Бранска, Курска і Луганска. «Прыемна, што літаратары з’яўляюцца ініцыятарамі дружбы паміж рэгіёнамі. На днях былі пастаўлены подпісы пад дагаворамі аб супрацоўніцтве паміж Неклінаўскім раёнам Растоўскай вобласці і Гомельскім раёнам. Гэтая дружба зарадзілася дзякуючы супрацоўніцтву літаратараў», - падкрэсліў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СПБ.

На адкрыцці фестываля былі падведзены вынікі літаратурнага конкурса «Праваслаўе - мая надзея». «Няхай вашы словы падаюць на добрую глебу сэрцаў чалавечых і даюць плады, - звярнуўся з пажаданнямі да творцаў пад час уручэння ўзнагарод епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. Кожнае слова пісьменніка пранікнёна і напісана з душой. Гэтыя словы дапамагаюць ісці чалавеку духоўным шляхам». Уладыка Стэфан выказаў словы падзякі пісьменнікам, якія з асаблівым пачуццём паставіліся да конкурсу. Сярод яго прызёраў аказалася і рэдактар аддзела сацыяльнага жыцця газеты «Гомельскія ведамасці» Вольга Астапенка. Не абышлося без сюрпрызаў. Гомельскай паэтэсе Ніне Шкляравай (на здымку) прэзентавалі выдадзены ў калькасці 100 экземпляраў зборнік яе вершаў. Таксама дыпломы ўручылі аўтарам, якія прынялі ўдзел у абласных конкурсах, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі і 85-годдзю празаіка, сцэнарыста, публіцыста Івана Сяркова.

Фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі-2014» накіраваны на папулярызацыю сучаснай беларускай літаратуры і твораў гомельскіх аўтараў, а таксама на выяўленне, падтрымку і развіццё здольнай да творчасці моладзі, папулярызацыю сучаснай беларускай літаратуры ў славянскім і сусветным кантэксце.

Дзмітрый ЧАРНЯЎСКІ, «ГВ»