Сяброўства межаў не мае

Серпікаў В. Сяброўства межаў не мае / Віктар Серпікаў // Добрушскі край.- 2012.- 11 красавіка.- С. 5.

 

 

Сумеснае супрацоўніцтва Насовіцкай СШ з Замішаўскай школай Навазыбкаўскага раёна на Браншчыне працягваецца звыш шасці год. Правядзенне турысцка-краязнаўчых злётаў, “Школы бяспекі”, абмен вопытам работы па інавацыйных тэхналогіях у сістэме адукацыі, творчыя семінары на працягу гэтых год сталі традыцыйнымі.

Агульныя інтарэсы ў агульнаадукацыйным працэсе, творчыя здабыткі і знаходкі педагагічных калектываў дзвюх школ прыцягнулі да сябе ўвагу настаўнікаў суседніх школ. Ужо каторы раз у Насовічы прыязджаюць педагогі і вучні Унукавіцкай асноўнай агульнаадукацыйнай школы, Бабовіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Навазыбкаўскага раёна, а таксама раённага метадычнага кабінета, ветэраны вайны і працы.

Сяброўскія адносіны не маюць межаў. Прыкладам гэтага стала наведванне Навазыбкаўскага раёна ў час веснавых канікулаў удзельнікамі абласнога турыстычнага лагера. Замішаўская школа прымала на гэты раз не толькі турыстычныя групы з Насовіч. Сюды прывезлі сваіх выхаванцаў работнікі аблас­нога цэнтра турызму і краязнаўства У. А. Васюкоў, К. В. Баранава, прыехалі выхаванцы цэнтра выхаваўчай работы з Церахоўкі на чале з кіраўніком гуртка велатурызму К. Л. Уміятавай.

Галоўны спецыяліст па маладзёжнай палітыцы і спорце адміністрацыі Навазыбкаўскага раёна Я. У. Дзюкараў, дырэктар Замішаўскай школы Г. М. Банадыкава, дырэктар Унукавіцкай школы А. В. Самусенка паклапаціліся аб тым, каб госці з Беларусі адчувалі сябе як дома. Яны наведалі Унукавіцкую школу, гісторыка-краязнаўчы музей, пазнаёміліся з архітэктурай вёскі, яе наваколлем. Такая ж экскурсія была праведзена і ў Замішава. Для вучняў быў падрыхтаваны канцэрт мастацкай самадзейнасці, спартыўныя гульні і дыскатэка. Педагогі сабраліся за круглым сталом, каб абмеркаваць палажэнне аб правядзенні міжнароднай велаэкспедыцыі, якая адбудзецца напярэдадні 26-й гадавіны катастрофы на ЧАЭС. Удзельнікі турыстычнага лагера наведалі таксама Навазыбкаўскі прафесіянальна-педагагічны і медыцынскі каледжы, зрабілі экскурсію па горадзе.