Сябры па пяру з Беларусі, Расіі, Украіны на Зашырскай зямлі

Петрухно, Т. Сябры па пяру з Беларусі, Расіі, Украіны на Зашырскай зямлі / Таццяна Петрухно // Народны голас.- 2018.- 12 верасня.- С. 1, 6.

Гасцінная зашырская зямля радушна прымала пісьменнікаў і паэтаў з Беларуси, Расіі, Украіны.

Удзельнікі міжнароднага, 13-га па ліку, фестывалю "Славянскія літаратурныя дажынкі 2018" у рамках праграмы свята пазнаёміліся з творчымі людзьмі палескага краю, наведалі мясцовую школу, дзіцячы садок, Горад майстроў і прайшліся по вуліцы знікшых з карты Ельскага раёна вёсак, своеасаблівым музеі пад адкрытым небам, што дзейнічае пры Зашырскім культурна-спартыўным цэнтры.

Хлебам-соллю і беларускімі народнымі песнямі сустракалі дарагіх гасцей зашырцы і прадстаўнікі мясцовай улады. Старшыня райсавета Аксана Захарчанка і дырэктар КСЦ Яўгенія Шадрына запрасілі гасцей у залу КСЦ, дзе іх чакаў прыемны сюрпрыз. Скульптуры з паперы ў чалавечы рост вядомых літаратараў, удзельнікаў свята, былі зроблены па задумцы Яўгеніі Шадрынай і вельмі ўразілі гасцей. Яны фатаграфаваліся з сваімі двайнікамі, шчыра дзякавалі за незвычайны сюрпрыз.

Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі "Уладзімір Гаўрыловіч, адкрываючы творчы вечар выказаў цёплыя словы падзякі арганізатарам мерапрыемства за крэатыўнасць, радушны прыём і масу станоўчых эмоцый, якія падарылі ўсім удзельнікам фестывалю. Ён уручыў граматы за плённую творчую дзейнасць на ніве культуры, актыўную падтрымку праектаў Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, падрыхтоўку і правядзенне XIII Міжнароднага фестывалю "Славянскія літаратурныя Дажынкі 2018" у аг. Зашыр'е Ельскага раёна Яўгеніі Шадрынай і Рыгору Бабчанку.

Фестываль "Славянскія літаратурныя дажынкі" праходзіць з 2007 года і ўжо стаў літаратурным брэндам рэгіёна, - адзначыў Уладзімір Гаўрыловіч. Геаграфія ўдзельнікаў шырокая: Масква, Кіеў, Краснадар, Курск, Бранск, Таганрог, Гомель. Сёлета фестываль-свята сабраў каля 100 паэтаў і пісьменнікаў з трох братніх краін (фестываль пачаўся 6 верасня). Ужо падведзены вынікі творчых конкурсаў маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці "Слова". Яны прадставілі свае працы ў чатырох тэматычных конкурсах, два з якіх прысвечаны жыццю і творчасці беларускага паэта і перакладчыка Анатоля Грачанікава. Дарэчы, у дзень адкрыцця фестывалю ў гонар 80-годдзя з дня нараджэння знакамітага земляка ў гомелі адкрылі мемарыяльную дошку з яго імем.

Прыемна адзначыць, што нашы землякі таксама сталі пераможцамі і дыпламантамі творчых конкурсаў. Так, фіналістам конкурсу “Мая Перамога. Моя Победа” стала настаўніца Дабрынскай школы Дзіяна Неўмяржыцкая. Дыпламантам імя Леаніда Гаўрылава стала настаўніца школы  СШ № 2 г Ельска Алена Шыкун. Алена таксама атрымала дыплом фіналіста ў конкурсе, прысвечаным 80-годдзю пісьменніка Анатоля Грачанікава, за эсэ "Радуга – улыбка улыбка мира". Дыпломам за творчыя поспехі быў адзначаны Аляксей Кальчанка, былы вучань СШ № 1 г. Ельска, за ўдзел у літаратурным конкурсе "Табе пяю, мая малая радзіма".

У час творчай сустрэчы ў Зашыр’і пісьменнікі з задавальненнем чыталі свае вершы, урыўкі з кніг, знаёмячы зашырцаў з творчымі навінкамі і праектамі. Сярод навінак – сумесны зборнік твораў членаў Саюза пісьменнікаў Украіны і гомельскіх аўтараў “Дзясна”, а таксама зборнікі Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Растоўскага, Бранскага, Краснадарскага, Курскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі па выніках фестывалю “Берагі Дружбы”. Творчы ўраджай дапоўніў і альманах “Літаратурная Гомельшчына 2018”, прысвечаны Году малой радзімы. Дарэчы, шмат новых кніг пісьменнікі падаравалі ў школьную бібліятэку, каб зашырскія дзеці знаёміліся з творчасцю славянскіх паэтаў і празаікаў.

Прыемныя ўражанні засталіся ў літаратараў з Расіі, Украіны і Беларусі ад наведвання аг. Зашыр’е. Пакідаючы гэты палескі куточак, яны дзякавалі арганізатарам цікавага мерапрыемства – сустрэчы і выказвалі надзею, што і ў наступны раз абавязкова прыедуць сюды ў Зашыр’е, дзе людзі зычлівыя і творчыя, з адкрытай душой і добрым сэрцам.