У адзінстве народаў – іх сіла

Прэжына Т. У адзінстве народаў – іх сіла / Таццяна Прэжына // Добрушскі край.- 2012.- 7 ліпеня.- С. 4.

 

 

Манумент Дружбы быў узведзены ў 1975 годзе - у год 30-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне на мяжы тады яшчэ трох рэспублік, а цяпер незалежных краін: Беларусі, Расіі і Украіны. 3 таго часу там штогод праходзіць фестываль славянскіх народаў.

30 чэрвеня на тэрыторыі, прылеглай да манумента, не было месца дзе яблыку ўпасці. Ужо з самай раніцы спяшаліся ўдзельнікі свята да яркіх палатак і павецяў, каб разглядзець цікавыя прадметы і штучкі, прадстаўленыя на выставе- кірмашы народнай творчасці “Горад майстроў”, якая раскінулася на вялізнай тэрыторыі.

Пачатак выставы адкрывалі падвор’і Добрушчыны. Прадстаўнікі Усохскай Буды, Баршчоўкі, Жгуні і Насовічаў сустракалі наведавальнікаў вышытымі ручнікамі, абрусамі, прасцінамі, сурвэткамі. Тут жа размяшчаліся сталы, з кулінарнымі вырабамі з мяса, птушкі, гародніны, а таксама салодкімі прысмакамі. Побач – выстава прадуктаў пчалярства, арганізаваная прадпрымальнікам А. Насевічам.

Далей па курсе межаў паміж выставамі брацкіх народаў ужо не адчувалася. Усё стракацела ад яркіх фарбаў, чуўся вясёлы гоман людзей. У паветры лунала атмасфера свята, радасці і добрага настрою.

Прыгажосцю здзіўлялі кампазіцыі з драўляных карэнняў, экзатычныя вырабы з металічных запчастак, нацюрморты неймавернага зместу і складу з прымяненнем розных сучасных арыгінальных тэхнік. Прыцягваў позірк казачны лес, кроны дрэваў у якім – з празрыстага пластыку.

Пад павеццю з назвай “Русь майстравая” мясціліся работы ўмельцаў з Бранска, Клінцоў, Навазыбкава і іншых гарадоў Расіі. Вырабы з гліны, ласкутоў тканіны, лазы, дрэва, шкла, саломкі, паперы вабілі сваёй прастатой і прыгажосцю.

Не ўступалі ў майстэрстве беларусам і расіянам іх браты ўкраінцы. Абразы святых і падсвечнікі, каваныя кветкі і жывёлы з жалеза, прылады для гаспадынь з дрэва, кошыкі з лазы розных памераў і мадэляў, гадзіннікі з падручных матэрыялаў уражвалі выдумкай і талентам майстроў.

Творчыя калектывы і выканаўцы брацкіх краін у час грандыёзнага свята нацыянальным каларытам напаўнялі культурную праграму фе­стывалю. На шматлікіх міні-пляцоўках праходзілі спартыўныя баі, сучасныя танцы, работалі забаўляльныя атракцыёны.

3 года ў год колькасць удзельнікаў фестывалю павялічваецца, як і расце колькасць удзельнікаў выставы- ярмаркі. Заканамерна адзінае: у адзінстве народаў – іх сіла.