У дачнікаў - свае задачы

Назарова Л. У дачнікаў – свае задачы / Людміла Назарава // Добрушскі край.- 2010.- 31 ліпнея.- С. 7.
У Добрушы ў дзевяты раз прайшоў Дзень дачніка з удзелам гасцей з Расіі і Украіны

 

У дзявяты раз у Добрушы прайшоў Дзень дачніка.

Яго галоўнай тэмай сёлета быў дэвіз: "Зберажом Зямлю і зямлю"

Умінулую суботу намнога раней звычайнага прачнуліся раніцай не толькі сем'іМасальскіх і Каралько – галоўных арганізатараў мерапрыемства, але і іншыя жыхары вуліцы Піянерскай. Многія з іх калі не ўдзельнічалі ў свяце, то з цікавасцю назіралі за развіццём падзей. Тым больш, што паглядзець было на што.

Прасторны дагледжаны двор памесця Ю.Р.Масальскага расцвітаў на вачах: у адным куточку – цудоўная фотавыстаўка гаспадара, побач – дзівоснасць з агарода: прыгажуны-баклажаны, велікан-часнок, ружы з бульбы, буракоў і морквы ў ажурнай вазе з гарбуза. Дабрушанка Т.І.Раманькова здзівіла незвычайнымі па форме і памеры памідорамі, а 12-гадовая Наташа Грамыка зрабіла для выстаўкі прыгожую карзінку з агародніны і фруктаў, аформленую жытнёвымі каласкамі. Работа юнай удзельніцы свята была адзначана журы як адна з лепшых.

На зялёнай лужайцы пад цяністай павеццю з вінаграднай лазы над сталамі з усякай усячынай "варажылі" непаседлівыя гаспадыні. Прыгатаваць страву з вырашчаных на сваім прысядзібным участку прадуктаў – такім было хатняе задание для дачнікаў. У яго выкананне яны ўклалі кулінарнае майстэрства, фантазію, цяпло рук і душы.

Так хацелася пакаштаваць усё: румяны торт з кабачкоў, залацістыя дранікі і духмяны пірог з капустай, радавалі вока і разагравалі апетыт рознакаляровыя салаты са свежай агародніны...

Запрошаныя госці з абласнога цэнтра, Расіі і Украіны, якія таксама прыехалі не з пустымі рукамі, былі шчыра здзіўлены разнастайнай і добра прадуманай праграмай мерапрыемства.

– Вопыту нам не займаць, – жартуе Л .А.Каралько, вядучая свята.

Гэта на яе плечы лёг асноўны цяжар падрыхтоўчых клопатаў, у яе памесці праходзілі восем папярэдніх дзён дачніка.

Свой уклад у правядзенне свята ўнеслі кветкаводы клу­ба "Суквецце". Яны паспелі ўжо сёлета нарыхтаваць насенне шматгадовых кветак і забяспечылі ім усіх жадаючых. Старшыня клуба В.А.Бондарава расказала ўсё, што ведае аб чароўнай магіі кветак. Тэму падтрымала выкладчык этыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Т.П.Гараніна цікавай лекцыяй аб прыродзе, зямлі. Потым усе слухалі высту­пление вакальнага ансамбля "Рэтра" з горада Гомеля, пад акампанемент баяніста В.А.Грыгор'евай весела спявалі і танчылі. Букетаў кветак хапіла і артыстам, і найбольш актыўныім удзельнікам свята. Аўтараў самых арыгінальных кампазіцый узнагародзілі прызамі, прадастаўленымі гасцямі з Кіева і Расіі, лепшыя дачнікі атрымалі ўдзячныя пісьмы за поспехі ў земляробстве.

А 88-гадовая Вера Веніямінаўна Масальская найбольш радавалася таму, што ў госці да яе сына прыйшло так шмат працавітых, апантаных людзей. Сярод іх яна быццам памаладзела і, па яе словах, нават стала больш здаровай і плануе абавязкова прыняць удзел у юбілейным дзясятым Дні дачніка ў наступным годзе.

Людміла НАЗАРАВА