У славянскім карагодзе адзінства

Селязнёва В. У славянскім карагодзе адзінства / В. Селязнёва // Добрушскі край.- 2010.- 30 чэрв.- С. 4.
Міжнародны фестываль “Дружба-2010”

 

Дзяржаўны ансамбль «Песняры», аб'яднаны харэаграфічны калектыў, узвод ганаровай варты Гомельскага інжынернага інстытута МНС і іншыя ўдзельнікі прадставілі Беларусь на Міжнародным фестывалі «Дружба-2010».

Шматтысячны форум з удзелам маладых прадстаўнікоў Беларусі, Украіны і Расіі адбыўся напярэдадні Дня моладзі 26 чэрвеня ля манумента Дружбы на прыграніччы Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей. Фестываль, неафіцыйная назва якога «Тры сястры», прайшоў пад дэвізам «Мы перамаглі разам!» і быў прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі.

Удзел у форуме прынялі афіцыйныя дэлегацыі на чале з губернатарамі трох прыгранічных абласцей, творчыя калектывы, эстрадныя выканаўцы, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, спартыўныя каманды, моладзь. Сярод ганаровых гасцей — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы.

У гэты дзень да манумента Дружбы былі ўрачыста вынесены штандарты трох франтоў — I Беларускага, I Украінскага, I Ленінградскага — і баявыя сцягі ваенных часцей.

Сёлета гасцей прымала Украіна (Чарнігаўская вобласць). Летась свята сяброўства ладзіла Гомельшчына, у 2011 годзе эстафету падхопіць Бранская вобласць.

Фестываль славянскай моладзі ля манумента Дружбы на прыграніччы Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей з'яўляецца сведчаннем трывалай сувязі і адзінства народаў Беларусі, Расіі і Украіны. Такое меркаванне выказаў на фестывалі старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон.

— Кожны год, збіраючыся ў гэтым месцы, дзе зыходзяцца разам землі трох славянскіх краін, мы пацвярджаем трывалыя сувязі сяброўства і супрацоўніцтва, якія звязваюць беларусаў, украінцаў і рускіх, — сказаў старшыня аблвыканкама, вітаючы ўдзельнікаў і гасцей свята.

— Нашы краіны аб'яднаны шматвекавымі традыцыямі, культурнай і духоунай спадчынай, маральнымі каштоўнасцямі, кроўным сваяцтвам.

Неаднаразова нашы народы разам змагаліся за волю і шчаслівую будучыню.

— Асабліва жывая памяць аб агульных стратах і перамогах у Вялікай Айчыннай вайне. Невыпадкова ў год 30-годдзя Перамогі на мяжы трох краін быў узведзены манумент Дружбы, — сказаў Аляксандр Серафімавіч.

Ад імя гомельскай дэлегацыі ён выказаў словы падзякі арганізатарам свята, а таксама ўсім удзельнікам за іх вернасць традыцыям, уменне берагчы і памнажаць славянскую спадчыну.

Пасля мітынгу пачаўся канцэрт. Беларусь была прадстаўлена дзяржаўным ансамблем «Песняры». Побач з манументам Дружбы ля возера госці фестывалю ўбачылі незвычайнае і вельмі прыгожае дзейства — «Славянскі карагод Адзінства», які вадзілі каля двухсот юнакоў і дзяўчат у нацыянальных касцюмах. Як знак яднання народаў Беларусі, Расіі і Украіны ў неба ўзняліся тры сцягі краін і чацвёрты — сцяг свята «Дружба».

Маладзёжны фестываль на мяжы трох краін адбыўся ўжо ў сорак першы раз. Традыцыйна напярэдадні Дня моладзі ля манумента Дружбы на перакрыжаванні трох дарог працаваў маладзёжны лагер.

Асноўнымі яго ўдзельнікамі сталі маладыя людзі з Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей. Гомельскую дэлегацыю прадставілі каля 300 актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, удзельнікаў творчых калектываў і аб'яднанняў, Беларускага фонду міру, удзельнікаў ваенна-патрыятычнага клуба «Гонар», клуба «Што? Дзе? Калі?» і іншых.

Акрамя таго, ад гомельскага боку на свята сяброўства былі запрошаны маладзёжныя дэлегацыі з Магілёва, Мінска, Курска, Санкт-Пецярбурга, Паўднёва-Заходняй адміністрацыйнай акругі Масквы.

У праграму работы лагера славянскай моладзі ўвайшлі шырокія культурна-пазнавальны, спартыўныя, канцэртныя блокі. Адбыліся круглыя сталы, у тым ліку на патрыятычную тэматыку, выязное пасяджэнне пошукавых клубаў. Праведзены конкурсы КВЗ, харэаграфіі, бардаўскай песні, бодзі-арту, маладых мадэльераў, цырульнікаў і іншыя мерапрыемствы.