У “сясцёр” – агульныя праблемы

Васільева, Н. У “сясцёр” – агульныя праблемы / Наталля Васільева // Добрушскі край.- 2010.- 28 жніўня.- С. 7.
Работнікі адміністрацый цэнтральных і раённых бальніц памежных раёнаў Расіі і Украіны наведалі Добруш

 

Гэтай сустрэчы чакалі даўно, некаторыя госці нрыехалі нават раней запланаванага. Добрушская цэнтральная раённая бальніца не раз сустракала афіцыйныя дэлегацыі, але такія прадстаўнікі бываюць нячаста. Апошні раз – больш чым пяць год таму, за гэты час многае змянілася ў нас і ў нашых суседзяў. Работнікі адміністрацыіі і цэнтральных раённых бальніц памежных раёнаў Расіі і Украіны наведалі Добруш, каб пазнаёміцца з вопытам работы беларускіх медыкаў, па-суседску пагаварыць, абмеркаваць вырашэнне агульных праблем.

Шчырае прывітанне, абмен падарункамі – і ў дарогу: праграма насычана сустрэчамі і экскурсіямі. Як адзначыла намеснік галоўнага ўрача Добрушскай ЦРБ А.М. Маскаленка, гасцям хацелі паказаць не проста медыцынскія ўстановы, а дапамагчы зразумець сістэму іх работы.

Бальніца, паліклініка, дзіцячая кансультацыя, вясковыя ФАПы і амбулаторыі закружылі, бы ў карагодзе. Як заўважалі госці, усюды – ідэальныя парадак і чысціня, неабходныя абсталяванне, мэбля, медыкаменты. Жанчыны ў захапленні пыталіся, хто сочыць за добраўпарадкаваннем. Ніхто спачатку і не паверыў, што ўсё гэта робяць медработнікі. Уразілі тэрыторыі паліклінікі, Жгунскага ФАПа.

Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Н.А.Белаглазава расказала гасцям аб структуры і арганізацыі медыцынскага абслугоўвання насельніцтва нашага раёна, пазнаёміла з тэхнічнымі навінкамі, работу якіх многія пажадалі ўбачыць на практыцы, прапанавала супрацоўніцтва – за ўмераную плату аказваць медыцынскія паслугі. Іх, па словах галоўнага ўрача, з пачатку года аказана на суму больш як 220 мільёнаў рублёў. Украінцаў зацікавіла магчымасць правядзення медаглядаў.

Аказалася, тры краіны, якія заўсёды завуцца "сёстрамі", многае яднае. Гэта датычыць і структуры медустаноў, і праблем. Адна з найбольш актуальных – кадравая. Недахоп медработнікаў, замацаванне кадраў аднолькава востра непакоіць і беларусаў, і расіян, і ўкраінцаў. Розніца – ў поглядах дзяржавы на гэту праблему. У нас яна вырашаецца шляхам размеркавання маладых спецыялістаў. У расіян – пазіцыя іншая:

– У нас няма такой з'явы як размеркаванне. Да таго ж, наш раён знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага забруджання, – расказвае намеснік старшыні адміністрацыі Злынкаўскага раёна В.М. Гаўрыленка. – За кожнага спецыяліста літаральна ідзе барацьба. А таму спецыяліст, які прыязджае да нас працаваць, або мае высокія патрыятычныя пачуцці, або патрабуе высокага матэрыяльнага стымулявання. Мы запрашаем спецыялістаў з боку, накіроўваем выпускнікоў на вучобу. Дарэчы, Рыгор Маркавіч, намеснік галоўнага ўрача нашай цэнтральнай бальніцы, – беларус.

Праблема недахопу кваліфікаваных кадраў ёсць і ў Шчорскім раёне. Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы У.В. Тарасюк адзначае востры недахоп у першую чаргу тэрапеўтаў.

Як адзначыла А.М. Маскаленка, у нашым раёне дэфіцыту кадраў у сельскай мясцовасці няма.

У зоне асаблівага кантролю трох славянскіх народаў – дэмаграфічная бяспека. Колькасць працаздольнага насельніцтва і дзяцей – адзін з самых важных паказчыкаў. Многае ў плане вырашэння гэтай праблемы робіцца на дзяржаўным узроўні, не менш увагі надаецца і якасці медыцынскага абслугоўвання будучых маці, дзяцей, падлеткаў.

– Нам удалося істотна знізіць узровень смяротнасці немаўлят, на 4,2 працэнта – агульную смяротнасць, многае зроблена ў плане абнаўлення медыцынскай тэхнікі. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы і міжнародных арганізацый за апошнія 5 год абноўлена 90 працэнтаў абсталявання, –паведаміла Н.А. Белаглазава.

Калі беларусы могуць разлічваць на падтрымку замежных спонсараў, суседзі спадзяюцца пераважна на дзяржаўнае забеспячэнне.

– У нас праходзіць абнаўленне абсталявання па праграме мадэрнізацыі аховы здароўя, але ж узроўню Беларусі мы пакуль не дасягнулі, – заўважыў прадстаўнік Клімаўскай дэлегацыі С.У. Шалудкін пасля наведвання бальніцы і паліклінікі.

Цікавай асаблівасцю работы падзяліліся расіяне: будучая маці, выкарыстоўваючы медыцынскі поліс, можа сама выбраць урача, які будзе за ёй назіраць, а таксама раддом, дзе, на яе думку, створаны лепшыя ўмовы для нараджэння дзіцяці.

Ад гэтай сустрэчы госці стараліся атрымаць як мага больш карыснага. Не было такога аб'екта, дзе б яны не паглядзелі кабінеты і абсталяванне, не пацікавіліся, якім чынам праводзіцца апрацоўка і дэзынфекцыя, утылізацыя медадходаў, як вядзецца дакументацыя, якія формы справаздач выкарыстоўваюцца і нават лічбы ў іх.

У справаздачах яны розныя, суседзям ёсць у чым раўняцца адзін на аднаго, разам рабіць крокі ў дасягненні адной мэты – узняць узровень медыцынскага абслугоўвання на прыступку вышэй і быць верным клятве: рабіць усё магчымае на карысць здароўю чалавека.

Наталля Васільева