Сустрэча пісьменнікаў

Арлова, Л. Сустрэча пісьменнікаў / Любоў Арлова // Петрыкаўскія навіны.- 2014.- 29 кастрычніка.- С. 6.
У Гомелі адбыліся “Славянскія літаратурныя дажынкі-2014”

Вынікі творчага ўраджаю пісьменнікі Гомельшчыны ў чарговы раз падвялі на “Славянскіх літаратурных дажынках" 15-17 кастрычніка ў Гомелі. Адкрыццё фестывалю праходзіла ў абласной бібліятэцы імя Леніна пад знакам 200-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Лермантава і Тараса Шаўчэнкі, 100-годдзя Аркадзя Куляшова. Больш, чым у мінулым годзе, гасцей прыехала з расійскіх Бранска, Краснадара, Таганрога, Рыльска, Курска, Санкт-Пецярбурга і ўкраінскіх Сумаў, Луганска, Глухава. Госці прывезлі з сабою новыя кнігі, падзяліліся планамі на далейшае супрацоўніцтва з літаратарамі Гомельшчыны.

Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч адзначыў, што на Гомельшчыне за год былі выдадзены 30 кніг, у тым ліку дзве ў Петрыкаве - мая кніга вершаў "Трынаццаты” і кніга ўспамінаў “Не маўчы, памяць!” Ніны Ачапоўскай. Праведзена больш 1200 сустрэч з чытачамі.

Епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан агучыў вынікі другога абласнога літаратурнага конкурсу “Праваслаўе — мая надзея”, які заснаваны абласной пісьменніцкай арганізацыяй сумесна з Гомельскай епархіяй. У гэтым конкурсе прыняла ўдзел і я з цыклам вершаў на духоўную тэматыку. Сярод 40 удзельнікаў была адзначана Дыпломам II ступені.

На мерапрыемстве таксама падводзіліся вынікі конкурсаў, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, імя Івана Сяркова і імя Кірылы Тураўскага.

Пасля ўдзельнікаў чакала музычна-паэтычная вечарына “Радзіме спяваю”, дзе гучалі вершы і песні на словы аўтараў Гомельшыны.

На другі дзень фестывалю ў Доме прафсаюзаў праводзіўся творчы вечар празаіка і публіцыста Уладзіміра Гаўрыловіча, прысвечаны 25-годдзю яго творчай дзейнасці.

Насычаным і яркім быў трэці дзень, праведзены ў Мазыры. Пісьменнікі на­ведалі Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна, выс­тупалі ў музычным каледжы, прынялі ўдзел у экскурсіі на нафтаперапрацоўчым заводзе.

Чарговыя “Славянскія літаратурныя дажынкі", без сумненняў, натхнілі ўдзельнікаў мерапрыемства на стварэнне новых твораў. Выданне чарговай кнігі маіх вершаў планую на вясну наступнага года. Спадзяюся, што яе выхад дасць мне магчымасць і ў наступным годзе наведаць фестываль і сустрэцца з сябрамі-літаратарамі.

Любоў АРЛОВА