Вандроўка ў чароўную казку

Ждановіч М. Вандроўка ў чароўную казку // Рэспубліка.- 2012.- 27 снежня.- С. 7.

 

 

Яе прапанавалі дзецям з пяці рэгіёнаў Гомельшчыны і Краснагорскага раёна Расіі арганізатары міжнароднай ёлкі ў Чачэрскім раёне.

Навагодняе дабрачыннае свята, цэнтрам якога стала Меркулавіцкая сярэдняя школа Чачэрскага раёна, па сутнасці, дало старт святочным мерапрыемствам, што арганізуюцца для школьнікаў на Гомельшчыне. Гасцінная чачэрская зямля прымала сёлета дэлегатаў самага вясёлага міжнароднага дзіцячага “форуму” ў сёмы раз. I за гэты час каля 4 тысяч беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх дзяцей станавіліся тут удзельнікамі захапляючых навагодніх імпрэз.

Добрая слава аб такіх “з’ездах дружбы” юных прадстаўнікоў славянскіх народаў, што становяцца традыцыяй, разнеслася далёка за межы Чачэршчыны і робіць сваю ўдзячную справу. Як прызнаваліся некаторыя з кіраўнікоў дэлегацый — начальнікі аддзелаў адукацыі з Рагачоўскага, Кармянскага, Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага, Краснагорскага (Расія) і непасрэдна Чачэрскага раёнаў, жадаючых “пабыць у казцы” з кожным разам усё больш. Гаварылі, даводзіцца нават праводзіць адбор, своеасаблівы кастынг па выяўленні найбольш таленавітых і паспяховых рабят. Менавіта такія дзеці і падлеткі (разам з суправаджаючымі атрымалася 90 удзельнікаў) у гэты дзень практычна падвоілі колькасць настаўнікаў і вучняў Меркулавіцкай школы (калектыў амаль два гады ўзначальвае ініцыятыўны і творчы дырэктар Святлана Лабачова). Каб міжнароднае свята атрымалася напоўненым і незабыўным, гаспадары (а матэрыяльную і практычную дапамогу школе у час падрыхтоўкі аказалі некалькі дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў і фірм Чачэршчыны) нямала пастараліся. Ужо сама ўстанова адукацыі — ад прышкольнай тэрыторыі, з густам аздобленых навагодняй атрыбутыкай класаў і калідораў, выставы навагодніх дзіцячых вырабаў да ператворанай у таямнічы шацёр спартыўнай залы — стварала ўзнёслы, святочны настрой. Усяляк падтрымлівалі яго сярод гасцей вясёлыя скамарохі і напачатку малапрыветная і тым камічная Баба-Яга, якія сустракалі прыезджых ля самых весніц і, разыгрываючы вясёлыя дыялогі, праводзілі да школы. А затым эстафету — з гармонікам, бубнам, балалайкамі — пераймаў віртуозны музычны ансамбль на чале з былым кіраўніком школы Любоўю Галубіцкай і ў складзе вучняў, педагогаў і рабочых Меркулавіцкай СШ...

...Адзін з традыцыйных арганізатараў свята “Міжнародная навагодняя ёлка” — Гомельскае аддзяленне Беларускага фонду міру сёлета выдаткавала на падарункі ўдзельнікам і падрыхтоўку свята 6 мільёнаў рублёў. Не ў першы раз яго інфармацыйным спонсарам выступае і ўрадавая газета “Рэспубліка” (нагадаем хаця б мерапрыемства ў Малейкаўскім садку на Брагіншчыне, якое асвятлялася).

– Наша прынцыповая пазіцыя пры арганізацыі такіх мерапрыемстваў, — зазначае старшыня аддзялення Цімафей Глушакоў, — каб абавязковы ўдзел у іх бралі вясковыя дзеці. Таму апошнім часам і стараемся праводзіць іху сельскай мясцовасці. Адрас наступнага — Ліпляны Лельчыцкага раёна. Як паказвае практыка, міжнародныя навагоднія ранішнікі нярэдка ператвараюцца ў святы вёсак, дзе яны адбываюцца. I гэта выдатна. Бо яны, дзеці, паказваюцьнам, дарослым, прыкладшчырасці стасункаў, яны наша будучыня. Невыпадкова мы разглядаем такія святы ў якасці няхай сціплага, але ўкладу ва ўмацаванне сувязяў народаў Саюзнай дзяржавы...

— Эканамічныя, чалавечыя і культурныя сувязі з цягам часу наладзілі не толькі са сваім пабрацімам — Чырвонай Гарой, але і з падмаскоўным Валакаламскам, гарадамі Гур’еўск і Палеск Калінінградскай вобласці, маскоўскай акругай Южнае Бутава, – працягвае думку папярэдняга суразмоўцы старшыня Чачэрскага райвыканкама Іван Ком. — Арганізоўваем там выязны гандаль сельгаспрадукцыяй і таварамі прадпрыемстваў раёна, праводзім з калегамі сумесныя культурныя акцыі. Вось і на такіх пераднавагодніх мерапрыемствах, а яны сталі ў раёне пастаяннымі, цеплыню сваіх сэрцаў і радасныя адчуванні стараемся падзяліць з сябрамі...

Тым часам у шатры каля навагодняй ёлкі адкрылася прастора для шчырых навагодніх віншаванняў і святочных падарункаў. Падзякі Чачэрскага райвыканкама тут з рук кіраўніка Івана Кома атрымалі кіраўнікі дэлегацый удзельніц. А памятныя сувеніры ад калектыву “Рэспублікі” — шыкоўны льняны абрус (каб ім насамрэч засцілаўся стол для сустрэчы самых дарагіх гасцей!), квартальны каляндар (каб па ім вымяралася шчасце і поспехі ў новым годзе!) і кепка з сімваламі ўрадавай газеты — уручаны расіянам, яны накіраваліся ў расійскую Чырвоную Гару. Асобныя падарункі ад “Р”, перададзеныя прадстаўніком “Рэспублікі”, таксама застануцца ў Меркулавіцкай школе. Звязаны, дарэчы, з “Р” быў і яшчэ адзін падарунак на міжнародным свяце: некалькі раённых цэнтраў пазашкольнай работы і школ Гомельшчыны цэлы квартал 2013-га будуць атрымліваць “Рэспубліку”. Аб гэтым паклапацілася рэгіянальнае аддзяленне Фонду міру.

Стваральнікі навагодняй праграмы, паводле агульнай ацэнкі, парадавалі арыгінальным падыходам: кожнае з выступленняў службовых асоб абласнога і раённага ўзроўню, кіраўнікоў дэлегацый суправаджалася яркімі музычнымі выступленнямі юных артыстаў, якія прыбылі на свята. А таму сумна не было нікому. Апроч таго, імпрэзу завяршыла захапляючае музычна-казачнае дзейства з “нестандартным наборам” герояў: акрамя звыклых Дзеда Мароза і Снягуркі, у госці да рабят завіталі добры Снегавік, Каркуша-Варона, Чорт, Зайчык, Карабас-Барабас, Бураціна і Мядзведзь... Прафесійна пастараліся стварыць чароўную і душэўную казачную феерыю запрошаныя на свята студэнты-чацвёртакурснікі Магілёўскага каледжа мастацтваў. Ім гэта няблага ўдалося. У фінале казкі, дзе, зразумела, дабро перамагло зло, у вясёлым святочным карагодзе вакол ёлкі закружыліся і малыя, і дарослыя, чыноўнікі і школьнікі...

Калі ехалі ў Меркулавічы, разважалі: што ж убачым тут на гэты раз, чым здзівяць нас сябры-беларусы? — адзначае метадыст Краснагорскага раённага метадычнага цэнтра Тамара Івашкіна. — Але тое, што сустрэлі тут, пераўзышло нашы чаканні і проста нас скарыла. Свята атрымалася проста супер!

Словы свайго кіраўніка падтрымалі такімі ж захопленымі адозвамі першакласнік і сямікласніца СШ №1 расійскага гарпасёлка Чырвоная Гара Арцём і Даша Васіленка.

...Казка на гэтым не скончылася: яе ўдзельнікаў наперадзе чакала не менш захапляючае падарожжа ў рэзідэнцыю чачэрскага ледзянога Дзеда Мароза. Але гэта, як кажуць, ужо зусім іншая гісторыя.

На здымках: да ўдзельнікаў навагодняга свята звяртаецца старшыня гомельскага аддзялення Беларускага фонду міру Цімафей ГЛУШАКОЎ; у карагодзе вакол святочнай ёлкі закружыліся і дзеці, і дарослыя (справа налева) старшыня Чачэрскага райвыканкама Іван КОМ, дырэктар Меркулавіцкай СШ Святлана ЛАБАЧОВА і начальнік Рагачоўскага аддзела адукацыі Пётр ГУЗЯЛЕВІЧ;вобраз добрай Кошачкі “прымерала на сябе” на свяце адна з выхаванак шматдзетнай сям'і з Меркулавіч пяцікласніца Кацярына ПАЎЛЮКОВА