За ўмацаванне сяброўства паміж краінамі - сёстрамі

Прэжына Т. За ўмацаванне сяброўства паміж краінамі-сёстрамі / Таццяна Прэжына // Добрушскі край.- 2012.- 7 ліпеня.- С. 9.

 

Міжнародны фестываль па футболе “Каласок” сярод сельскіх каманд памежных раёнаў Беларусі, Расіі і Украіны прайшоў з 20 па 22 чэрвеня ў пасёлку Клімава Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі

У час фестывалю для ўдзельнікаў і гасцей прайшлі забаўляльныя мерапрыемствы, была арганізавана экскурсія па месцах баявой славы, урачыстыя мерапрыемствы каля помніка загінуўшым воінам. Сярод каманд, якія прынялі ўдзел у фестывалі, адбыліся спаборніцтвы па пэйнтболе.

Такія спаборніцтвы праводзяцца ў мэтах далейшага ўмацавання сяброўства паміж беларускім, рускім і ўкраінскім народамі і выхавання ў падрастаючага пакалення пачуцця гонару за гістарычнае мінулае брацкіх народаў.

Агульнае кіраўніцтва спаборніцтвамі ажыццяўлялі Камітэт па маладзёжнай палітыцы, фізічнай культуры і спорце Бранскай вобласці, адміністрацыя Клімаўскага муніцыпальнага раёна Бранскай вобласці і агульнарасійскі Саюз грамадскіх аб’яднанняў “Добраахвотнае таварыства “Ураджай”.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманда Добрушскага раёна, сюды ўвайшлі рабяты малодшай узроставай групы 1999-2001 гадоў нараджэння, і каманда мазыран, якая ўключыла ў сябе юных спартсменаў ва ўзросце 13-15 гадоў.

Каманда Добруша стала пераможцай і вярнулася са спаборніцтваў з кубкам і ўзнагародамі. На цырымоніі ўзнагароджання ў намінацыі “Лепшы ігрок” быў названы Юрый Музычэнка, а тытул “Лепшы абаронца” па праве атрымаў Кірыл Бабраўнічы.

Як адзначыў загадчык юнацка- спартыўнай школы Аляксандр Федарцоў, на працягу трох дзён, што доўжыўся фестываль, яго ўдзельнікам сумаваць не прыйшлося. Расіяне вельмі цёпла віталі гасцей мерапрыемства на сваёй роднай зямлі. У вольны ад спаборніцтваў час рабяты наведалі Мемарыял Славы, да якога ўсклалі вянкі. Потым пабылі ў манастыры, дзе акунуліся ў купелі каля святой крыніцы.