Літаратары збіраюцца ў Гомель

Кручэнка Т. Літаратары збіраюцца ў Гомель: Чым парадуе “Гомельская літаратурная восень”? : [гутарка з членам Савета Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Т. Кручэнка] // Гомельские ведомости.- 2012.- 1 ноября.- С. 20.

 

 

Літаратурны фэст “Гомельская літаратурная восень”, які штогод арганізоўваецца Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, 2-3 лістапада збірае творцаў і аматараў мастацкага слова ў горадзе над Сожам. Якія падзеі чакаюць гамяльчан і гасцей Гомеля сёлета, мы пацікавіліся ў кіраўніка і членаў Савета абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Чым будзе адметная «Гомельская літаратурная восень-2012», распавядае член Савета аддзялення Тамара Кручэнка:

Чым парадуе «Гомельская літаратурная восень»?

– Яна будзе адметнай – адназначна, бо гэтага вымагае Год кнігі і юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ранкам 2 лістапада ў Белай гасцінай палацава-паркавага ансам­бля адбудзецца ўрачыстасць, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння беларускіх песняроў. Возьмуць у ёй удзел прадстаўнікі твор­чай інтэлігенцыі і ўладаў, літаратары і вучоныя, твор­чая моладзь. У межах свя­та адбудзецца цырымонія ўшанавання лаўрэатаў абласных літаратурных конкурсаў імя Кірылы Тураўскага і прысвечанага 130-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Удзельнікі падзеі будуць мець магчымасць пазнаёміцца з рэдкімі выданнямі Якуба Коласа на спецыяльнай кніжнай вы­ставе, паслухаць цудоўныя мелодыі, створаныя па матывах твораў класіка.

Па абедзе ў абласной універсальнай бібліятэцы імя У. I. Леніна прой­дзе галоўная падзея фэста. Пісьменнікі Гомельшчы­ны, Масквы, Браншчыны, Куршчыны, Сумшчыны і Чарнігаўшчыны пазнаёмяць чытачоў са сваімі творчымі набыткамі, распавядуць пра новыя творы і дзейнасць пісьменніцкіх арганізацый. На свяце прагучаць аўтарскія песні на словы гомельскіх паэтаў. Новыя творы і кнігі прадставяць чытачу як вядомыя аўтары (Васіль Ткачоў, Барыс Кавалерчык, Міхась Сліва, Валянціна Кадзетава, Алена Агіна, Юрый Максіменка, Генадзь Говар, Юрый Фатнеў, Эма Усціновіч і інш.), так і маладыя паэты – Анастасія Кацюргіна, Іна Спасібіна, Надзея Філон, Фёдар Бусел. Трэба сказаць, што сёлета выйшла з друку сапраўды шмат цікавых кніг, нямала гомельскіх аўтараў надрукавалі новыя рэчы як у айчынных, так і ў замежных мастацкіх часопісах, таму прэм’ер чакаецца сапраўды шмат. Безумоўна, цікава будзе даведацца пра навінкі літаратуры калег з суседніх краін. Не абыйдзецца і без падарункаў: прэзентуемыя выданні будуць тут жа з аўтарскімі аўтографамі па- дораны бібліятэцы. Гэта таксама добрая традыцыя. Удзельнікі мерапрыемства, дарэчы, змогуць на спецы­яльнай выставе пазнаёміцца з новымі выданнямі, што выйшлі нядаўна з друку як у Беларусі, Гомелі, так і ў памежных рэгіёнах Беларусі і Украіны.

А напрыканцы дня ў гарадской бібліятэцы імя Герцэна адбудзецца яшчэ адна цікавая прэзентацыя: маладыя парасткі Гомельшчыны запрашаюць усіх жадаючых даведацца пра вынікі сваёй творчай дзейнасці, якія яны набылі дзякуючы працы ў Школе маладога літаратара (кіраўнік – паэтэса Ніна Шклярава). Ацэньваць пра­цу творчай моладзі будуць сталыя калегі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны.

Фестываль працягнецца і на наступны дзень: у рэдакцыі газеты «Гомельскія ведамасці» пройдзе круглы стол, на якім літаратары Беларусі, Украіны і Расіі павядуць размову пра стан мастацкай літаратуры і развіццё творчых кантактаў, наладжванне сумесных праектаў, пра перспектывы правядзення сумесных літаратурных акцый на 2013 год. Для гасцей Гомеля будзе наладжаны шэраг экскурсій па гісторыка-культурных мясцінах другога па велічыні горада Беларусі, якім мы ўсе ганарымся.