Імкненне, прадыктаванае жыццем

Ждановіч М. Імкненне, прадыктаванае жыццем / Мікалай Ждановіч // Гомельская праўда.- 2001.- 7 чэрвеня.- С. 1.

 

 

- Працэсы збліжэння, імкненне славянскіх народаў адрадзіць тыя гістарычныя набыткі, якія існавалі да развалу СССР, заканамерныя, - сказаў пры адкрыцці сустрэчы "Славянскае братэрства" старшыня Гомельскага гарвыканкама Леанід Барабанаў.

Названая сустрэча кіраўнікоў улад Гомеля, Бранска і Чарнігава, прысвечаная падпісанню дагавора аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе паміж гэтымі гарадамі на новае дзесяцігоддзе, адбылася ў мінулую пятніцу ў зале грамадска-культурнага цэнтра.

Падпісанне такога дакумента дзесяць гадоў назад, адзначалася на сустрэчы, з'явілася паказальным прыкладам таго, што намеры асобных палітыкаў развесці нашы народы па нацыянальных кватэрах не адпавядаюць інтарэсам большасці беларусаў, расіян і ўкраінцаў. Сур'ёзныя палітычныя і эканамічныя выпрабаванні, што выпалі апошнім часам на долю суседзяў-славян, не зменшылі іх жадання быць разам, падтрымліваць даўнія, трывалыя сувязі.

Сапраўды, каля 60 працэнтаў нашага знешнегандлёвага абароту сёння прыпадае на долю Расіі, за мінулы сёлетні перыяд яго прырост складае 26 працэнтаў. Толькі ў свабоднай эканамічнай зоне "Гомель-Ратон" зараз налічваецца звыш 15 сумесных з расійскімі прадпрыемстваў.

Нягледзячы на некаторыя складанасці, што перашкаджаюць больш плённым эканамічным кантактам з Украінай (звязаны яны ў асноўным з неуніфікаванасцю нашай і ўкраінскай заканадаўчай базы), ёсць нямала прыкладаў плённых узаемаадносін гомельскіх прадпрыемстваў і ўстаноў з суб'ектамі гаспадарання суседняй украінскай вобласці. Не адзін год звязваюць вытворчыя і сяброўскія сувязі калектывы гомельскага завода ліцця і нармаляў і чарнігаўскага - карданных валаў, ёсць нядрэнныя набыткі ў супрацоўніцтве з украінскімі калегамі ў калектываў інстытута механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі, акцыянернага таварыства "Кандытарская фабрыка "Спартак", іншых.

Добрыя набыткі прыгранічных гарадоў і абласцей суседніх краін цэментуюць сёння не толькі эканамічныя стасункі, але і навуковыя, культурныя, спартыўныя і проста чалавечыя кантакты.

Так, нядаўна ў Бранск для ўдзелу ў X фестывалі "Славянскія тэатральныя сустрэчы" ад'язджаў калектыў Гомельскага абласнога драмтэатра, неўзабаве ў гэтым горадзе пройдуць яго гастролі. Насуперак узведзеным граніцам і іншым складанасцям ладзяць вось ужо 36 гадоў свае сяброўскія адносіны калектывы СШ № 5 Гомеля і "пятай" школы Чарнігава. Аб гісторыі гэтага шматгадовага сяброўства неўзабаве раскажа экспазіцыя музея, якая зараз рыхтуецца ў гомельскай навучальнай установе. Прыклады такога кшталту можна працягваць. І ўсе яны пацвярджаюць думку, што толькі разам мы здолеем вырашыць тыя складаныя задачы, якія стаяць перад нашымі народамі. Менавіта такім лейтматывам можна аб'яднаць і сутнасць выказванняў перад падпісаннем дагавора старшыні Гомельскага гарвыканкама Леаніда Барабанава, кіраўніка адміністрацыі горада Бранска Івана Тарусава і главы гарадской улады Чарнігава - Віталя Касых.

Дарэчы, вельмі сімвалічна, што пагадненні, падпісаныя ў Гомелі, сталі сугучным дапаўненнем да важных рашэнняў і дакументаў, прынятых у гэтыя ж дні ў сталіцы нашай краіны - на саміце кіраўнікоў краін Садружнасці незалежных дзяржаў.

Мікалай Ждановіч