Нас яднаюць жыцця пуцявіны

Кручэнка Т. Нас яднаюць жыцця пуцявіны / Тамара Кручэнка // Гомельская праўда.- 2012.- 6 лістапада.- С. 3.

 

 

Гомельская літаратурная восень стала ўжо традыцыйным святам пісьменнікаў вобласці, усіх прыхільнікаў мастацкай літаратуры. I ў тэты раз да нас завіталі госці з Масквы, Бранска, Рыльска, Глухава.

Сімвалічна, што літаратурнае свята прымеркавана да 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Таму і адкрыліся ўрачыстасці ў Белай гасцінай Палаца Румянце­вых і Паскевічаў з ушанавання памяці класіка. Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі празаік Уладзімір Гаўрыловіч зрабіў экскурс у жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Шчыра віталі прысутных старшыня Бранскай абласной пісьменніцкай арганізацыі, паэт і публіцыст Уладзімір Сарочкін, старшыня Міжнароднага саюза пісьменнікаў і мастакоў Анатоль Міроненка з украінскага горада Глухава.

На ўрачыстасці былі ўзнагароджаны дыпломамі пераможцы абласных літаратурных конкурсаўімя Кірылы Тураўскага, а таксама прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. (“ГП” друкавала імёны пераможцаў у нумары за 13 верасняпрым. аўтара) Шчыра прывіталі на свяце і рэчыцкага казачніка, пісьменніка Анатоля Караленку — яго кніга “Вясёлка чорнага золата” стала пераможцай па выніках рэспубліканскага літаратурнага конкурсу на лепшы твор 2011 года для дзяцей. Музычныя падарункі прагучалі для літаратараў ад навучэнцаў і выкладчыкаў Гомельскага каледжа мастацтваў імя Н. Сакалоўскага.

Свята прадоўжылася ў аблас­ной універсальнай бібліятэцы імя Леніна. Тут кіраўнікі пісьменніцкіх арганізацый Гомельшчыны, Браншчыны і Сумшчыны выканалі традыцыйны рытуал — запалілі свечкі як знак непагасных сувязяў, бра- тэрства славянскіх літаратур. Згадалі пра пісьменнікаў Ігара Журбіна, Фелікса Мысліцкага, Сцяпана Кузькіна, Веніяміна Саранскіх, якія сышлі з жыццёвай пуцявіны.

Госць з Масквы, паэт, складальнік анталогіі “Наше время” Барыс Лукін прэзентаваўтры тры тамы выдання і падарыў іх “ленінцы”. Бранскія паэты Уладзімір Сарочкін, Віктар Валодзін, Галіна Карташова, Наталля Мішына, а таксама Алег Саранскіх з Рыльска прачыталі вершы са сваіх новых кніг. А потым пісьменнікі Гомельшчыны азнаёмілі са сваімі сёлетнімі творчымі набыткамі. Выступілі Алена Агіна, Мікола Ждановіч, Алег Ананнеў, Аляксандр Каляда, Генадзь Говар, Барыс Ка- валерчык, Міхась Сліва. Паэтычную пераклічку прадоўжылі прадпрымальнік Валерый Вятошкін, студэнтка Стася Кацюргіна, пенсіянерка з Петрыкава Любоў Арлова. Песні- балады на вершы Юрыя Максіменкі, Алены Агінай і Алега Ананнева падаравала аўтар-выканаўца Ірына Мяцельская.

Уладзімір Гаўрыловіч шчыра падзякаваў галоўную кніжную скарбонку вобласці за чарговы гасцінны прыём пісьменнікаў і ўручыў дырэктару “ленінкі” Валянціне Дубравай пано — постаць Кірылы Тураўскага. Кнігі выпуску 2012 года пакінулі ў дар бібліятэцы многія аўтары сёлетніх выданняў.

Плённым на здабыткі аказаўся Год кнігі і для слухачоў школы маладога літаратара, якой кіруе вядомая паэтэса Ніна Шклярава. Сваю творчасць гэты таленавіты парастак абласной пісьменніцкай арганізацыі прэзентаваў у цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Герцэна. Ніна Шклярава выказала падзяку за фінансавую падтрымку выдання кніг заснавальнікам серый "Аз” і “Бібліятэка школы маладога літаратара” прадпрымальнікам Івану Бісеву і Валерыю Вятошкіну. Свае цудоўныя вершы на свяце чыталі Іна Спасібіна, Марыя Маліноўская, Дар’я Дарошка, Уладзімір Чаравухін, Вольга Астапенка, Фёдар Бусел і іншыя. Бар­ды Аляксандр Сталяроў, Крысціна Лакіза і Анжэліка Водчыц выканалі свае музычныя творы.

А завяршылася свята за круг­лым сталом у рэдакцыі гарадской газеты “Гомельскія ведамасці”. Тут беларускія, расійскія і ўкраінскія пісьменнікі абмеркавалі планы далейшага супрацоўніцтва, правядзення міжнародных творчых конкурсаў.