Новым сябрам заўсёды рады

Чайдак С. Новым сябрам заўсёды рады: [Добрушскі раён наведала дэлегацыя Корапскага раёна Чарнігаўскай вобласці] / Сяргей Чайдак // Добрушскі край.- 2016.- 26 кастрычніка.- С. 1, 3.

Хлебам-соллю сустрэла Добрушчына на мінулым тыдні дэлегацыю Корапскага раёна Чарнігаўскай вобласці. Як адзначыў у прывітальным слове намеснік старшыні Корапскага раённага Савета Віктар Дварэцкі, прымаўка пра госця, якога не чакалі, не апраўдалася. Гаспадары падрыхтавалі сустрэчу на высокім узроўні. Кожная хвіліна знаходжання гасцей на беларускай зямлі была выкарыстана для рашэння асноўнай мэты візіту - знаёмства з работай мясцовага самакіравання і органаў дзяржаўнай улады.

У складзе ўкраінскай дэлегацыі - старшыні сельсаветаў, кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі раённай выканаўчай улады. Таму цікавым для іх стала літаральна ўсё. На шляху да райцэнтра аўтобус збочваў то на малочна-таварныя фермы, то да сацыяльных аб’ектаў аграгарадкоў. На першым жа прыпынку ў Леніна госці прызналіся: жывёлагадаўчыя фермы проста ўражваюць сваёй функцыянальнасцю і новым абсталяваннем. Калі ж даведаліся, што ферма “Завідаўскага” не ўзорна-паказальная, нават не паверылі. Давялося паказаць аналагічныя комплексы ў Баршчоўцы і Церахоўцы.

З работай мясцовага самакіравання больш прадметна пазнаёміліся ў гарпасёлку. Пытанняў да старшыні Церахоўскага сельвыканкама Аляксандра Кузняцова было шмат. У асноўным яны тычыліся ўзроўню добраўпарадкавання населеных пунктаў. Старшыні ўкраінскіх сельвыканкамаў адзначалі ў сваіх блакнотах толькі ім вядомыя думкі. Па ўсім бачна - прымяраюць беларускую мадэль самакіравання да сваіх украінскіх рэалій. Такая ж зацікаўленасць чыталася на тварах гасцей і пры наведванні школы і амбулаторыі ў Крупцы.

- Пэўныя рэчы мы ніколі не зможам прымяніць у сябе, - пазней у зале райвыканкама падзяліўся старшыня Корапскай райдзяржадміністрацыі Уладзімір Куніцкі. - Ва Украіне не ўсё так дрэнна, як паказваюць па тэлевізары і пішуць у інтэрнэце. Жывём, развіваемся. Праўда, выбралі крыху іншы шлях. Аднак, мэты ў нас аднолькавыя - зрабіць жыццё простых людзей больш спакойным, камфортным і сытым.

На афіцыйнай частцы сустрэчы падпісаны два пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. Старшыня Добрушскага райвыканкама Вольга Мохарава адзначыла: добра, што кола сяброў пашыраецца. А калі сяброўства можа прынесці выгаду нашым рэгіёнам, то гэта ўдвая лепш. Да слова, частка пагадненняў была выканана ўжо ў гэты дзень - Уладзімір Куніцкі запрасіў прадстаўнікоў добрушскага бізнесу, прадпрыемствы і арганізацыі прыняць удзел у традыцыйным летнім Мікалаеўскім кірмашы ў Корапе. На яго думку, беларускія тавары там будуць карыстацца попытам.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся і намеснік старшыні Корапскага Савета Віктар Дварэцкі:

- У Кітаі ёсць такі праклён: “Каб ты жыў у час вялікіх перамен”. Нам даводзіцца жыць у такі час. Каб не нашкодзіць людзям, стараемся пераняць вопыт работы суседзяў. У 2013 годзе такім жа саставам наведалі расійскі Курск. Па дарозе дадому дамовіліся паглядзець на беларускую мадэль эканомікі. На жаль, падзеі двухгадовай даўнасці пабурылі ўсе планы. Аднак, задумка ажыццявілася сёння. На ўласныя вочы пабачылі: структура дэпутацкага корпуса і дзяржаўнай улады ў нас падобныя. Хоць вынікі работы адрозніваюцца. Хочацца хутчэйшага вырашэння ўнутраных пытанняў у нашай краіне. Каб зноў, як некалькі год таму, сустрэцца ля манумента Дружбы. Што б ні здарылася, а нашы народы - браты і блізкія суседзі.

Больш дэтальна пра адрозненні жыцця суседніх краін паведаміла галоўны рэдактар корапскай газеты “Новыя гарызонты” Людміла Кавальчук. Яна прызналася: пакуль не ведае “пад якім соусам” падаць сваім чытачам расповед пра паездку, каб не выклікаць крыўды і зайздрасці.

- У госці да вас літаральна напрасіліся, - расказвае яна. - Думалі, ціха праедзем па вёсках, сустрэнемся з кіраўніцтвам, абмяркуем пэўныя пытанні. Атрымалася ж, быццам афіцыйная дэлегацыя кіраўніцтва Украіны наведала Добруш, а не работнікі раённай адміністрацыі. Упэўнена, ніхто спецыяльна не рыхтаваўся да нашага візіту. Прадэманстраваныя нам парадак у вёсках, школе і іншых сацыяльных аб’ектах - звычайныя для беларусаў рэчы. У нас жа ўбачанае выклікае шок. Адзін кадр абавязкова пастаўлю на старонку газеты - звычайны электрычны слуп у полі. Абкошаны і пабелены. Свядомым людзям ён скажа больш, чым словы.

Суразмоўца параўнала раённы Палац культуры з аналагічнай установай у Кіеве. Культурны ж цэнтр Корапа, па яе словах, нельга параўнаць і з Церахоўскім Домам культуры. I не толькі па знешнім выглядзе. Наконт фермаў нават паралелі не стала праводзіць: маўляў, украінцы даўно аддалі і зямлю, і сельскую гаспадарку на водкуп аграхолдзінгам.

- Па-шчыраму зайздрошчу дабрушанам і беларусам у цэлым, - прызналася госця. - У вас ёсць адэкватны Прэзідэнт і працаздольная каманда, якая надае вялікую ўвагу сацыяльнай галіне і парадку на зямлі. Па ўсім бачна: каля “руля” - сапраўдныя гаспадары.

Сяргей Чайдак

Фота Яўгена Усцінава