Праслаўлялася «Слова…»

Гаўрыловіч У. Праслаўлялася «Слова…» // Новае Палессе.- 2008.- 31 мая.- С.7

 

МІЖРЭГІЯНАЛЬНАЕ свята народнай творчасці "На зямлі Баяна", якое нарадзілася ў старажытным Трубчэўску ў 1986 годзе, стала своеасаблівым сімвалам прыцягнення адораных творчых сіл Расіі, Украіны і Беларусі. Імя быліннага песняра-сказацеля, што ўславіў славянскі род, аб'ядноўвае ўсіх неабыякавых людзей, для якіх паняцці адзінства і духоўнае братэрства не проста словы. 3 году ў год пашыраюцца межы свята, узбагачаецца змест, узрастае яго папулярнасць. Бясспрэчна, яно стала неад'емнай часткай традыцыйнай славянскай культуры трох народаў. Вось і сёлета прайшло яно ажно ў дваццаць трэці раз.

Як на два святочныя дні ў апошнія суботу і нядзелю мая старажытны Трубчэўск - горад з 1033-гадовай гісторыяй — чарадзейна ператвараецца ў шматлюдную і многалюдную сустрэчу старых добрых сяброў, на якой знаходзіцца месца кірмашам народных промыслаў, мастацкім выставам, песенным, паэтычным перазовам і народнай абраднасці трох славянскіх народаў, конкурсам малюнкаў, паэтычным дыспутам і канцэртам сучасных выканаўцаў, маладёжным акцыям, у чарговы раз змаглі пераканацца прадстаўнікі літаратурнай Гомельшчыны, якія тут былі жаданымі гасцямі.

Сталіца “славянскіх крыніц” сустрэла гомельскіх літаратараў: празаіка, старшыню Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзіміра Гаўрыловіча, паэтаў Юрыя Фатнева, Ніну Шкляраву, Івана Бісева шчодрым, удзячным сонцам, хоць амаль усю няблізкаю дарогу, што дабіраліся ў Трубчэўск, імжэў густы дождж. Яшчэ цяплей, хораша стала на душы, калі па братэрску захапілі ў абдымкі мясцовыя паэты Сцяпан Кузькін і Мікалай Аршукоў. Першы стаяў ля вытокаў свята, што стала неад’емнай часткай жыцця раённага цэнтра і Браншчыны, своеасаблівым “рухавіком” яго на працягу ўсяго перыяду правядзення свята народнай творчасці, паважаны ў гэтым краі чалавек, а другі, маладзейшы калега, - яго правая рука і памочнік. Радуюцца гаспадары: “Дзякаваць Богу, беларусы нам сонца прывезлі. Значыць быць святу!..”

Яно ж віравала ўжо з самай раніцы. Разгубіцца можна ад праграмных мерапрыемстваў! Распачатае яшчэ з раніцы няўрымслівай моладдзю – акцыяй “Маладзёжны дэсант”, якую ажыццявілі студэнты старажытнага горада, запрашала быць не староннім суназіральнікам, а актыўным удзельнікам трубчан і гасцей горада.

У трубчэўскім музеі таксама было шматлюдна. “Слова…” – вечнае!” – такую назву меў круглы стол з удзелам вучоных навуковых работнікаў музеяў Расіі, Беларусі, Украіны. Цікавую творчую сустрэчу з навучэнцамі палітэхнікума “Ілюстрацыі да ўласных літаратурных твораў” ладзіла масквічка Людміла Максімчук, член Саюза пісьменнікаў Расіі.

Шэраг духоўных падарункаў трубчанам зрабілі арганізатары свята ў першы дзень: у цэнтральнай бібліятэцы адбыліся абласныя краязнаўчыя чытанні, у раённым цэнтры культуры і адпачынку – Бранскі тэатр драмы імя А. К. Талстога паказаў спектакль патрыятычнага гучання “Белы танец (Вера. Надзея. Вайна.)” (аўтар Н. Іваноў, рэжысёр Б. Ярыш)…

Праваслаўе – моцны аб’яднальны стрыжань нашых народаў – на працягу дзесяці стагоддзяў захоўвае адзіную царкоўнаславянскую мову, на якой адбываюцца набажэнствы ў праваслаўных храмах, выконваюцца праваслаўныя спевы. З благаславення праваслаўных святароў з Расіі, Беларусі і Украіны ў горадзе “салаўя старога часу” Баяна традыцыйна ў дні славянскай пісьменнасці і культуры праводзяцца сумесныя набажэнствы, гучыць праваслаўная музыка. Вось і сёлета надзвычай яркімі падзеямі свята стала выступленне хора Маскоўскай патрыярхіі “Старажытнарускі распеў” пад кіраўніцтвам Анатоля Грындзенка, вячэрнія і ранішнія набажэнствы, удзячны малебен, Бажэственная літургія ў мясцовым Свята-Троіцкім храме.

Пра храм і горад варта сказаць асобна. Відавочна, на Браншчыне няма другога такога куточка, дзе б не захавалася столькі легенд і паданняў, як пра старажытны Трубчэўск. Творцаў гэта не магло не захапіць... Адно з паданняў, да прыкладу, паведамляе, што ў пячоры пад храмавай гарой, каля крыніцы, жыў манах, які пасля стаў вядомым усім праваслаўным як прападобны Ніл Сталабенскі і ў гонар якога асвечаны тая крыніца з жыватворнай вадой. Цяпер тут адбудавана купель “Нілава Крыніца”, а вада, як сцвярджаюць месцічы, вылечвае ад многіх хвароб. Да святой крыніцы, з якой б'е ключавая вада, цягнуцца людскія "ручайкі". За людзьмі і мы - смачная вада, халодная...

Магутны, прыгожы храм XV стагоддзя ўзвышаецца над Дзясной. Цікавы князям, якім не раз даводзілася абараняць рускія (чытай: славянскія) факт: стаіць ён на фундаменце другога храма - XII стагоддзя, якому не было суджана захавацца ў час мангола-татарскага нашэсця. Унікальнасць яго і ў наступнай адметнасці: тут захоўваецца ўсыпальніца трубчэўскіх князёў Трубяцкіх - гэта адзін з самых старажытных родаў, што пакінуў яркі след у гісторыі Русі, генеалагічнае дрэва якіх бярэ пачатак ад вядомага літоўскага князя Гедыміна. Цяпер, праз стагоддзі, славянскі люд можа пакланіцца слаўным землі ад ворагаў...

I вось, нарэшце, загучаў паэтычны голас аб духоўным яднанні славян — на цудоўнай сучаснай летняй эстрадзе ў парку імя Максіма Горкага (адбудаванай дзякуючы намаганням муніцыпальных уладаў на месцы драўлянай, звычнай паэтам трох краін, але знішчанай пажарам, што нечакана надарыўся ў мінулым годзе). "Ад "Слова..." к "Слову" - так называліся паэтычныя чытанні, на якія сабраліся гараджане надвячоркам. Традыцыйна яны прыходзяць сюды сем'ямі, разам з дзецьмі, унукамі. Любяць тут паэтычнае слова!

А збоку разгарнулася выстава літаратурных навінак Бранскага краю, кнігі гасцей з Беларусі і Украіны. Трубчэўскае літаратурнае аб'яднанне “Гарызонт” прэзентавала на свяце і свой чарговы паэтычны зборнік.

У сёлетніх адкрытых паэтычных чытаннях прынялі ўдзел паэты з Бранска і Курска, Рыльска і Курчатава, Масквы і Чарнігава, украінскага Глухава і, зразумела, пасланцы Гомельшчыны, якія прачыталі свае новыя творы, расказалі аб дзейнасці пісьменніцкай арганізацыі і сваіх творчых задумках. Хораша згадваецца ў такія хвіліны геніяльны твор “Слова аб палку Ігаравым”, у якім апісаны падзеі сумеснага паходу двух братоў - ноўгарад-северскага князя Ігара і трубчэўскага князя Усевалада супраць полаўцау. Паэтэса Ніна Шклярава, якая зрабіла свой пераклад “Слова...” на беларускую мову, са сцэны прачытала геніяльныя радкі на беларускай мове. А гаспадары распавядаюць, як у год тысячагоддзя Трубчэўска, у 1975 годзе, у гарадскім парку адкрыты помнік легендарнаму Баяну, які, як мяркуюць, нарадзіўся ў гэтых мясцінах. А 1986 год, год 800-годдзя “Слова...”, па версіі нашых даследчыкаў напісанага магчыма і Кірылам Тураўскім, што падкрэсліваем мы, - даў нараджэнне такому цудоўнаму сряту. Яшчэ нельга было не згадаць, што ў 1380 годзе два браты -трубчэўскі Вялікі князь Дзмітрый Альгердавіч і полацкі князь Андрэй Альгердавіч унеслі велізарны ўклад у перамогу на Куліковым полі...

Наша агульная гісторыя - ці можна, забыць такія яркія старонкі?!

Крыху пазней, нягледзячы на раптоўны дождж, адбыўся святочны рытуал “Песенная славіца” ля помніка Баяну, традыцыйнае запальванне святочных агнёў, у сутон сэрцаў славянскіх гучала музыка праваслаўных званоў. А на галоўнай плошчы адбыўся святочны канцэрт “Славянскі распеў”, удзел у якім і фальклорны дзіцячы калектыў з горада Рагачова пад кіраўніцтвам начальніка аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама М. Зайцава. Хораша прымалі рускія браты беларускія песні і скокі! Тут жа працавала выстава майстроў народнай творчасці таксама з беларускага Рагачова. І ад проста цікаўных пакупнікоў гандлярам цяжка было адбіцца!

Песенныя перазвоны самадзейных фальклорных калектываў Трубчэўска, Рагачова і Чарнігава сабралі на плошчы сотні трубчан, а пасля да позняй ночы віравала гарадская дыскатэка “Вясёлая слабада”…

Слотнае надвор’е не перашкодзіла святочнаму настрою і на наступны дзень. На плошчы перад раённым Домам культуры адбылося мастацкае спаборніцтва юных талентаў – міждзяржаўны рэгіянальны конкурс малюнка на асфальце “Славянская птушка шчасця”. Адначасова разгортваюцца міждзяржаўныя выставы-кірмашы твораў мастакоў і народных майстроў. Весела дзецям: для іх арганізатары падрыхтавалі шэраг забаў, музычных гульняў і конкурсаў. Есць дзе заявіць аб сабе!

Пісьменнікі таксама не сядзяць на месцы: у творчых гутарках, абменах думкамі і кнігамі бяжыць час. Нараджаюцца і дыскусіі: якой павінна быць славянская літаратура сёння, якія глыбінныя пласты яшчэ не падняты, як лепш дастукацца да сэрца чытача, прапанаваць свой твор. Час бяжыць хутка, але ж паспяваем наведаць храм, яшчэ раз па драўляным 207 прыступкам лесвіцы спусціцца да крыніцы Святога Ніла, павандраваць на гарадку-дзяцінцы (у дванаццатым стагоддзі тут было кола абараняльнай сістэмы Трубчэўска, які абараняў усю Русь ад палавецкіх набегаў, а ў XV—XVII стагоддзях - ад літоўска-полькай інтэрвенцыі), палюбавацца прыгажуняй Дзясной і ганарлівай Нярусай - рэкі дружбы і братэрства пранеслі на сустрэчу з Трубчэўскам свае воды на многія сотні кіламетраў. А высокі правы бераг Дзясны, адкуль як воку відаць раскрываюцца пойма і бясконцыя лясныя масівы Бранскага лесу ствараюць незвычайную энергетыку і жаданне тварыць...

А дванаццатай гадзіне дня ў Трубчэўску яблыку няма дзе ўпасці – тысячы гараджан і гасцей свята жывым ручайком аглядаюць выставы, набываюць карціны, падзелкі, смакуюць розныя стравы, шчодра нагатаваныя мясцовымі кулінарамі. А на плошчы перад раённым Домам культуры распачынаецца афіцыйнае адкрыццё свята”…І з вечным “Словам…” вечнай будзе Русь!..”. Дзяржаўныя дзеячы Масквы і Бранска, прадстаўнікі мясцовых муніцыпальных уладаў вітаюць гараджан і аыіцыйныя дэлегацыі Беларусі і Украіны. Тэатралізаванае прадстаўленне плаўна пераходзіць у святочнае шэсце трубчан да помніка Баяну і адтуль накіроўваецца да паркавай эстрады, дзе адбываецца шыкоўная цырымонія ўручэння імянных прэмій Баяна, А. Галіча, А. Кавалеўскага, М. Мельнікава.

У беларусаў - выдатны настрой. Сёлета галоўная ўзнагарода - прэмія Баяна -прысуджана гомельскаму аўтару. Паэт Юрый Фатнеў, які адзначыў надоечы сваё 70-годдзе, стварыў нямала твораў, прысвечаных нашай славянскай гісторыі, і яго творчыя поспехі не маглі быць не адзначаны журы. I мы ад душы радуемся за калегу. I не толькі за яго. Упершыню сёлета прэзентавана новая літаратурная прэмія імя расійскага паэта Мікалая Мельнікава. Па рашэнню журы за творчасць і спадвіжніцтва, накіраваныя на ўмацаванне дружбы паміж братнімі народамі, прэмію атрымалі член Саюза пісьменнікаў Расіі Сцяпан Кузькін і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніна Шклярава.

У мінулым годзе наш рагачоўскі фальклорны калектыў “Добры вечар” таксама атрымаў прэмію Баяна за захаванне і развіццё самабытных культурных традыцый. Сёлета такая ж узнагарода накіравалася на Чарнігаўшчыну, адкуль прыбыў на свята цудоўны мастацкі калектыў. Уганараваны гэтай прэміяй і Бранскі тэатр драмы імя А.К. Талстога.

Сюрпрыз чакаў на свяце расійскага літаратара, заслужанага дзеяча культуры, паборніка славянскага літаратурнага братэрства і яднання славянскіх земляў Сцяпана Кузькіна. Менавіта гэтаму незвычайнаму чалавеку кіраўнік Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” У. Гаўрыловіч пад несціханыя апладысменты прысутных уручыў першую міжнародную літаратурную прэмію імя “другога Залатавуста, Паче всех воссиявшего на Руси”, святара і пісьменніка Кірылы Тураўскага. Паэт, сябар Беларусі Сцяпан Кузькін - першы ўладальнік высокай узнагароды, заснаванай Саветам Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, падтрыманай Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам і абласным Саветам дэпутатаў.

...Урачыстасці ў Трубчэўску працягваліся. Асобнымі яркімі падзеямі свята сталі і міжнародны міні-турнір па футболу паміж камандамі славянскіх народаў, народнае гулянне і канцэртная праграма з удзелам народных артыстаў Расіі Надзеі Крыгінай і Аляксандра Кавалеўскага.

“Над Дзясной, Дняпром і Сожам” віравала канцэртная дзея з удзелам творчых калектываў, гучалі святочныя перазовы паэтаў і празаікаў Беларусі, Украіны, Расіі. Прасторна было тут беларускаму, рускаму, украінскаму слову і песні, што сведчыць: праз стагоддзі тры братнія народы пранеслі шматлікія разнастайнасці падобных элементаў - абрады, касцюмы, песні, казкі, танцы, рамяство. I праслаўлялася “Слова...” - яркая старонка нашай агульнай гісторыі.