Славянская сустрэча на зямлі Баяна

Мініч Л. Славянская сустрэча на зямлі Баяна / Л. Мініч // Добрушскі край.- 2005.- 4 чэрвеня.- С. 8.

 

28-29 мая ў старажытным рускім горадзе Трубчэўску Бранскай вобласці адбылося XX міжрэгіянальнае свята народнай творчасці і славянскага пісьменства "На зямлі Баяна".

Свята прымеркавана да 35-годдзя літаратурнага аб'яднання "Гарызонт". На свята былі запрошаны дэлегацыі Беларусі і Украіны. Нашу рэспубліку на мерапрыемстве прадстаўляла дэлегацыя Добрушскага раёна на чале з загадчыкам аддзела культуры Р.П. Козыравым. У састаў дэлегацыі ўваходзіў народны ансамбль народнай песні "Свята" раённага Дома культуры, а таксама мастакі і паэты Гомельшчыны: Г. Говар, Н. Шклярава, М.Л ітвінаў.

Гаспадары вельмі шчыра і радасна сустракалі гасцей. Наша дэлегацыя была размешчана ў інтэрнаце педагагічнага каледжа.

Вечарам, 28 мая, народны ансамбль народнай песні "Свята" ў дзіцячай школе мастацтваў даў вялікі канцэрт. Гледачоў была поўная зала, сустракалі калектыў вельмі добра, песні ў выкананні нашых артыстаў прымаліся надзвычай цёпла. А 20 гадзіне ў памяшканні РДК г.Трубчэўска адбыўся канцэрт "Славянскія ўзоры", дзе народны ансамбль народнай песні "Свята" пераняў эстафету выступленняў у гаспадароў - народнага ансамбля "Дрёма" і выступіў са сваёй канцэртнай праграмай.

Такой сустрэчы, такога ўспрымання беларускіх песень артысты не памятаюць. Пасля заканчэння праграмы зала стоячы вітала нашых артыстаў.

Калі ж зазірнуць у гісторыю, высветліцца, што Трубчэўск - адзін з самых старажытных гарадоў Браншчыны. Пастановай Савета Міністраў РСФСР ад 31 ліпеня 1970 года ўключаны ў склад 119 гістарычных гарадоў Расіі.

У 1975 годзе горад урачыста адзначыў свой 1000-гадовы юбілей, адкрыўшы ў гарадскім парку помнік быліннаму песнятворцу Баяну.

Вось у такім горадзе, з багатым гістарычным і культурным мінулым, і адбылося свята народнай творчасці і славянскага пісьменства. Прыемна адзначыць, што на вуліцах горада да нашай дэлегацыі падыходзілі простыя гараджане і выказвалі словы глыбокай падзякі за той дотык да вытокаў братняй беларускай культуры, прасілі часцей прыязджаць з канцэртамі і проста ў госці.

Л. Мініч