Вышэйшая ўзнагарода “Крынічкі” – у церахаўчан

Чайдак С. Вышэйшая ўзнагарода “Крынічкі” – у церахаўчан / Сяргей Чайдак // Добрушскі край.- 2011.- 13 ліпеня.- С. 3.

 

 

Сёлета міжнародны палатачны лагер дружбы славянскіх народаў "Крынічка" адзначыў свой дзевятнаццаты дзень нараджэння. Каля трыццаці каманд з Расіі, Украіны, Беларусі і Літвы на працягу дзевяці дзён рэалізоўвалі свае праекты на беразе возера Добрае, што ў Рагачоўскім раёне.

Добрушчыну ў лагеры традыцыйна прадстаўлялі гурткоўцы Церахоўскага цэнтра выхаваўчай работы. Сёлета іх актыўнасць, арыгінальнасць, аператыўнасць і эрудыраванасць не засталіся незаўважанымі: дамоў церахаўчане павезлі вышэйшую ўзнагароду "Крынічкі" – кубак пераможцы.

Шлях да перамогі даўжынёй у шэсць год

- Упершыню патрапілі ў лагер па запрашэнні старшыні Гомельскага аддзялення Беларускага фонду міру Ц. І. Глушакова ў 2005 годзе, – расказала адна з кіраўнікоў каманды Вольга Лемяшкова. – 3 таго часунеаднаразова станавіліся пераможцамі ў асобных кон­курсах, прывозілі граматы і падарункі, але кубак здаваўся недасягальнай мэтай.

Не разлічвала на кубак каманда цэнтраі ў гэты раз. Тым больш, штозборы да паездкі былі складанымі: то палаткі не маглі знайсці, то яшчэ нечага не хапа­ла. Урэшце, з дапамогай адміністрацыі Насовіцкай школы і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы інвентар быў сабраны. Праз некалькі гадзін Вольга Лемяшкова, Сяргей Калжанаў, Аляксандра Жгунцова, Андрэй Малаеў, Лізавета Барысевіч, Марыя Дробік, Таццяна Карпенка, Аляксей Чэркас, Яўгеній Ячмянёў і Дзяніс Сцібун былі ўжо на Рагачоўшчыне. Пачалася барацьба за перамогу.

Сяброўства застаецца назаўсёды

Уся дзевяцідзённая праграма мерапрыемства была пабудавана такім чынам, што кожны дзень для правядзення конкурсаў і забаўляльных праграм фарміраваліся групы дзяцей, у якія ўваходзілі па адным прадстаўніку ад кожнай каманды. Гэта дазваляла рабятам заводзіць новыя знаёмствы і штодзень прыносіць у залік камандыпераможныя ачкі.

- Старажыламі ў лагеры з'яўляецца не толькі каманда Рагачова, але і рабяты з расійскага Курска, – расказала Вольга. – 3 імі ў Фонду міру наладжаны асаблівыя адносіны, ды і ў нас – даўняе сяброўства. Аляксандру Жгунцову, напрыклад, запрасілі на наступным тыдні стаць удзельніцай семінара, які будзе праходзіць у Курскім маладзёжным цэнтры "Маналіт".

Добрыя адносіны склаліся ў "АЗОНа" (такую назву мела церахоўская каманда) і з рабятамі з падмаскоўных Кацельнікаў, а таксама Волагды, Смаленска, Санкт-Пецярбурга, Вільнюса.

Фенечкі раз'ехаліся па свеце

Насычаная праграма лагера не пакідала яго ўдзельнікам ні хвіліны на адпачынак. Адначасова праходзілімерапрыемствы і рэалізоўваўся шэраг міжнародных праектаў, кожны вечар, нягледзячы на дождж, праходзіў канцэрт. Рабяты з захапленнем успамінаюць святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Свята пачалося ўрачыстым зборам, а потым пайшлі мерапрыемствы, самым запамінальным з якіх стаў конкурс флэшмобаў. Дарэчы, менавіта агульным флэшмобам гэты дзень і скончыўся: усе ўдзельнікі ўжо ў цемры запалілі свечкі і стварылі з іх вялізную лічбу 70. Такім чынамрабяты выказалі свой смутак з нагоды юбілейнай даты пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У адзін з дзён пры кожнай камандзе пачынаў працаваць сэрвіс-цэнтр. На пра­цягу двух гадзін падлеткі прадастаўлялі ўсім жадаючым свае паслугі. Церахаўчане, напрыклад, адкрылі майстэрню па вырабе фенечак. Невялічкія сувеніры са скуры настолькі спадабаліся моладзі, што майстэрня працавала да самай цемры.

З усяго лагера былі сабраны ліхтары і пад іх святлом рабяты заканчвалі сваю работу.

- Папрацавалі ў той дзень ад душы, – пазней расказвалі арганізатары майстэрні. – Ніколі не даводзілася рабіць некалькі соцень фенечак за такі кароткі тэрмін. Затое яны разышліся па ўсім свеце і будуць нагадваць нашым замежным сябрам аб незабыўных днях, праведзейых у "Крынічцы".