З ранку да зыходу дня святкавала Гарадня

Ждановіч М. З ранку да зыходу дня святкавала Гарадня: [дэлегацыя Добрушскага раёна прыняла ўдзел у святкаваннях 73-гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў і 93-й гадавіны з часу ўтварэння Гараднянскага раёна (Чарнігаўская вобласць; Украіна)] / Мікола Ждан // Добрушскі край.- 2016.- 1 кастрычніка.- С. 1, 6.

У масавыя народныя гулянні вылілася ў суседнім з Добрушам украінскім райцэнтры Гарадня святкаванне 73-й гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў і 93-й гадавіны з часу ўтварэння Гараднянскага раёна. На мерапрыемства, прымеркаванае да названых датаў, была запрошана і дэлегацыя Добрушчыны. Аўтарам гэтай справаздачы надарылася вітаць гараднянцаў і браць удзел ва ўсіх святочных дзеях.

Больш як стокіламетровы шлях да Гарадні пераадолелі неўпрыкмет. Адзінае, што засмучала: у адрозненне ад ранейшага часу, калі беларусы кіравалі да суседзяў бесперашкодна, зараз дарогу нам двойчы перагарадзілі шлагбаўмы пунктаў пропуску. Нашага - у Весялоўцы, і ўкраінскага - у Сінькоўцы. Тым не менш, і тыя, і другія службоўцы аказаліся ўважлівымі і спагадлівымі. Словы “Едзем на святкаванне ў Гарадню. Нас там чакаюць” уздзейнічалі на людзей у пагонах амаль магічна. Шлагбаўмы неўзабаве перад намі ўзнімаліся, адкрываючы шлях да памежнага райцэнтра.

Кіраўнік Гараднянскай райдзяржадміністрацыі Святлана Яшчанка, старшыня Рады Андрэй Богдан віталі гасцей свята ў будынку органа ўлады. Праз нядоўгі час у святочнай калоне разам накіроўваемся да мемарыяла “Жалобная маці”, што ў мясцовым скверы. На чале шэсця ў адкрытых УАЗах - нешматлікія ветэраны, школьнікі, моладзь у нацыянальных касцюмах. З гірляндамі і кветкамі. Па шляху заўважаем перамены, што прынесла ва ўкраінскі гарадок хваля дэкамунізацыі. На месцы былога помніка Леніну застаўся толькі пастамент, а цэнтральная вуліца, што яшчэ нядаўна насіла назву правадыра, стала Траецкай. Па назве разбуранага тут некалі храма.

Сам жа мемарыял - месца для гараднянцаў даволі сімвалічнае. Мінулая Вялікая Айчынная вайна перамалола ў сваіх бязлітасных жорнах амаль 8,5 тысячы гараднянцаў. Трэць з іх не вярнуліся з франтоў і партызанскіх атрадаў. Адно з памятных месцаў, дзе гітлераўцы знішчылі сотні мясцовых яўрэяў, - будынак гараднянскай турмы. Нельга не адзначыць: помнікі ахвярам Другой сусветнай вайны (менавіта гэта назва цяпер часцей ужываецца суседзямі) на Гарадняншчыне па-ранейшаму дбайна ашчаджаюць. Як прыклад - велічны дагледжаны мемарыял на месцы масавага захавання загінуўшых ад рук фашысцкіх захопнікаў на хутары Апешынскі. Ля помніка “Журботная маці”, дзе адбыўся мітынг, таксама размешчана звыш дзясятка гранітных пліт з прозвішчамі палеглых на палях змаганняў Першай сусветнай і мінулай вайны.

- Ваша мужнасць, гераізм і няскоранасць духу - добры прыклад для маладога пакалення, - звяртаецца да прысутных ветэранаў Святлана Яшчанка. - Мы нізка схіляем галовы перад подзвігам тых, хто загінуў, набліжаючы разгром ворага...

Аб гераічных старонках гісторыі краю і перамогі над фашызмам казалі іншыя выступоўцы. Дарослыя і школьнікі. Смуткам адгукнуліся ў душах удзельнікаў мітынгу гулкія ўдары метранома. Да падножжа скульптуры кладуцца кветкі ўдзячнай памяці...

...А тым часам усё больш ажыўленым і шматколерным становіцца малюнак на галоўнай вуліцы Гарадні. Тут выставілі свае работы мастакі, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выхаванцы тэхнічных гурткоў і інтэрнатных устаноў раёна. Вырабы з лазы, густоўная біжутэрыя з натуральнымі раслінамі, дэкупаж, вышыўка... Плывуць над вуліцай вясёлыя напевы ўдзельнікаў хору “Гарадняначка” - ён дзейнічае пры раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. У гэтых жанчын, як аказалася, не толькі звонкія галасы, але і ўмелыя рукі. Вязаныя вырабы вабілі вока.

Прыемных сустрэч з гараднянскімі ўмельцамі было шмат. У чарговы раз у цэнтры ўвагі гараджан і гасцей аказалася майстрыха Наталля Калюжная. Гэта сціплая жанчына - адна з амаль 200 землякоў, якім прысвоена званне “Майстар народнага мастацтва Украіны”. Побач з іншымі вырабамі яна дэманстравала на выставе тонкія, амаль ювелірныя работы - вышытыя бісерам іконы. Па прызнанні майстра з амаль 20-гадовым стажам, яе вырабы сёння захоўваюцца ў Кіева-Пячэрскай Лаўры, храмах Львова, Германіі...

Сапраўдным упрыгожваннем вулічнай “галерэі” сталі і карціны гараднянскай мастачкі Алы Лабады. Выкладчык мясцовай мастацкай школы арганізавала паказ як цудоўных уласных твораў, так і жывапісных работ сваіх таленавітых юных выхаванцаў.

У цэнтры Гарадні стала шматлюдна. “Разагравалі” гледачоў музычнымі выступленнямі са сцэны музыканты са школы мастацтваў. На стадыёне разгортваліся паядынкі каманд па розных відах спорту. Жадаючым гараднянцам прапанавалася паспрабаваць сілы ў квест-гульні, пакарыстацца паслугамі веларыкшаў, пакатацца ў коннай запрэжцы...

Вядома ж, у цэнтры агульнай увагі ў гэты дзень былі ветэраны мінулай вайны. Час няўмольны. Большасць з тых, хто прайшоў па ваенных дарогах, бачыў на свае вочы пот і кроў, стаяў над целамі забітых баявых сяброў, сёння ў катэгорыі тых, каму за 90. Таму з-за стану здароўя нямногія з іх прыйшлі на плошчу, каб падзяліць святочны настрой землякоў. Тыя ж, што з’явіліся тут, трымаліся малойцамі. Адзін з іх - Уладзімір Дзмітрэнка нават адмовіўся ад прапанаванага транспарту: прыйшоў на святкаванне пешшу.

- Вайну я сустрэў сямікласнікам. Разам з дарослымі капалі акопы на ўскрайку сваёй вёскі. Неўзабаве тут з’явіліся немцы. Пацягнуліся доўгія дні акупацыі. Пасля вызвалення малой радзімы - Жоведзі - у 1943 годзе трапіў у вучэбную часць у горад Дно на Пскоўшчыне. Стаў радыстам артылерыйскага палка. Вызваляў Рыгу, гарады Заходняй Беларусі, Беласток. Хто ты і якой нацыянальнасці - беларус, украінец, расіянін - на фронце было не важна. Усе ішлі ў бой за адну вялікую Радзіму...

Toe, што лепшыя традыцыі продкаў гараднянцы свята захоўваюць, мы адчулі на сабе. Паўсюль нас, беларусаў, сустракалі ветліва. Што называецца, з распрасцертымі абдымкамі. Не дзіўна: працяглы час нашы суседнія рэгіёны звязвалі не толькі цесныя эканамічныя, але і чалавечыя стасункі. Таму практычна ля кожнага святочнага стэнда, на імправізаваных падворках тэрытарыяльных грамад (аналаг нашых сельскіх Саветаў), на “пятачку” работнікаў лесу і на прывале казакоў пры знаёмстве чулася: “А мой сын (дачка) у Гомелі жывуць”, “А мы пастаянна ў ваш Кругавец у лазню да сяброў заязджаем”, “А мне вось давялося працаваць на будоўлях вашай вобласці”, “А я закончыла ўніверсітэт імя Скарыны”... Пералік можна працягваць. У гэтыя хвіліны думалася: хіба здольныя нейкая сіла ці абставіны вырваць з каранямі магутнае дрэва такога добрасуседства?!

...Нашы гараднянскія суразмоўцы распавядалі: час, маўляў, перажываем няпросты. Ёсць праблемы рознага кшталту. Цяпер набірае хаду ў краіне адміністратыўна-тэрытарыяльная реформа са структурнай перабудовай практычна ўсёй уладнай піраміды. Зразумела, ломка ўстойлівага і звыклага заўжды перажываецца хваравіта. Тым не менш, гараднянцы застаюцца аптымістамі. У паўсядзённых рэаліях умеюць радавацца і вераць у лепшае. Жыццё працягваецца. У адміністрацыі раёна паведамілі: сёлета ў Гарадні фінішыравала будаўніцтва новага пяціпавярховага жылога дома. Да слова, на святочнай сцэне будаўнікі ўручылі сімвалічны ключ ад яго кіраўніку раённай Рады Андрэю Богдану. Завершены капітальны рамонт будынка гімназіі. I гэта толькі частка адметных здабыткаў паўднёвых суседзяў дабрушан.

Падчас святочных дзей улада не забылася і пра маладых, якія сталі на вясельны рушнік у Дзень горада. Гонару ўдастоілася сямейная пара Лашчонавых - Аксана і Александр. Ушанавалі найстарэйшую жыхарку райцэнтра Кацярыну Шамрай. Прылюдна горача віталі на сцэне і былога медработніка франтавога шпіталя 94-гадовую Марыю Пазняк, узнагароджаную ордэнам Вялікай Айчыннай вайны. Гэтак жа - сям’ю самай юнай жыхаркі Гарадні, нованароджанай Вікторыі Саўчанка. Падарункамі адзначаны і тыя, хто зрабіў адметны ўнёсак у эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё Гарадняншчыны.

А своеасаблівым эпілогам па-сапраўднаму прыгожага свята ва ўкраінскай Гарадні сталі вячэрняе відовішчнае фаер-шоу, канцэрт і маладзёжная дыскатэка.

Мікалай Ждановіч

Яўген Усцінаў (фота)